Вучоба ва ўніверсітэтах даражэе, нягледзячы на парады Лукашэнкі

130103_martin_ko6t.mp3

Аляксандр Лукашэнка даручае разабрацца з высокімі коштамі на навучанне падчас візіту ў Беларускі ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі напярэдадні Новага года. На думку кіраўніка краіны, кошты для малодшых курсаў мусяць быць “літасцівыя”.

Але, нягледзячы на парады Аляксандра Лукашэнкі, дзве сталічныя прыватныя ВНУ павышаюць аплату ў сярэднім на 200 тысяч рублёў.

“Крыху павышаецца аплата, на 200-300 тысяч рублёў. Гэта залежыць ад розных фактараў. Гэта звязана з ростам камунальных плацяжоў і з усім астатнім”, — расказваюць Еўрарадыё ў Мінскім інстытуце кіравання.

Плаціць больш давядзецца і студэнтам Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва.

“На дзвесце тысяч павялічылася аплата. Гэта за год”, — тлумачаць у гэтай ВНУ.

Да падаражання першакурснікі ў інстытуце плацілі па 7 мільёнаў рублёў на ўсіх спецыяльнасцях.

А вось у дзяржаўным БДУІРы, куды прыязджаў кіраўнік краіны, пра павышэнне коштаў пакуль не кажуць, але і пра паніжэнне таксама.

“Ёсць дзяржаўная камісія, якая дазваляе павялічэнне коштаў. Вось, калі міністэрства звернецца, і камісія дазволіць, тады будзем рабіць”, — кажуць у бухгалтэрыі БДУІРа.

І адзначаюць, што звычайна плата расце, калі расце тарыфная стаўка першага разраду, якая, дарэчы, паднялася напрыканцы года да 240 тысяч рублёў.

Апроч тарыфнай стаўкі, у плату за навучанне ўкладаюцца ўсе даходы і расходы, расказваюць у бухгалтэрыі БДУ:

“Расходы, даходы — усё уключаецца ў гэту суму. Нават камунальныя плацяжы”.

І тут таксама пакуль не ведаюць наконт зніжэння платы ці падаражання вучобы. Але і камунальныя плацяжы таксама выраслі ў Новым годзе: падаражэла электраэнергія і ацяпленне.

А калі амаль усе складнікі кошту на навучанне выраслі, то чаму не расце сама плата?

“Інфармацыі па росце коштаў на навучанне пакуль няма”, — адказваюць на гэта ў Міністэрстве адукацыі. І пра паніжэнне коштаў таксама не кажуць.

За пяць гадоў навучання на факультэце Міжнародных адносін БДУ студэнтка спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” Караліна заўважыла, што вучоба падаражэла ўтрая.

Караліна: “На першым курсе я плаціла каля 4,5 мільёнаў. Цяпер плачу ўжо каля 13 за год. А першакурснікі нашы наогул плацяць 14”.

Найбольш у Беларусі плацяць студэнты Стаматалагічнага факультэта Беларускага медыцынскага ўніверсітэта — амаль 16 мільёнаў.

А дэмакратычныя кошты Еўрарадыё знаходзіць у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва: менш за 8 мільёнаў, нават з падаражаннем.

Фота: okgomel.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі