Вязень Акрэсціна: Мы атрымлівалі перадачы ад незнаёмых людзей
Аляксандр Сцепаненка, удзельнік маўклівай акцыі, выйшаў з турмы на Акрэсціна і распавядае, як там было.
Еўрарадыё: Скажыце калі ласка, за што вы патрапілі на Акрэсціна?
Сцепаненка: “Затрымалі мяне падчас акцыі гэтак званай "маўклівай рэвалюцыі" на Чыгуначным вакзале. Затрымлівалі мяне два супрацоўнікі ў цывільным, пры затрыманні жорстка збілі і ўпакавалі ў аўтазак. У выніку на мяне склалі пратакол у Кастрычніцкім РАУСе за дробнае хуліганства, нібыта я лаяўся матам каля ўваходу ў вакзал”.
Еўрарадыё: Які тэрмін вам прысудзілі?
Сцепаненка: “Пяць сутак арышту. Хацелася б адзначыць, што за гэтыя пяць сутак я змяніў чатыры камеры і два ізалятары. Таму што спачатку нас прывезлі ў новы корпус на Акрэсціна, гэта ізалятар часовага ўтрымання. Там трымалі да абеду панядзелка, потым павезлі ў суд. Суд – гэта быў сапраўды канвеер, некаторыя прысуды давалі за 5 хвілін. Я быў апошнім, суддзя з прозвішчам Валчкова таксама вяла мой працэс каля сямі хвілін, яна нават не выклікала ў якасці сведкаў гэтых спецназаўцаў, якія заявілі, што я нібыта лаяўся матам. І прысудзіла мне арышт на пяць сутак. Потым нас павезлі назад на Акрэсціна, нас трымалі каля трох гадзін у аўтазаку, чакаючы пакуль усіх размяркуюць па камерах, па ізалятарах. Прычым трымалі даволі жорстка, таму што, напрыклад, у аднамесную камеру аўтазака запіхвалі па два-тры чалавекі. Міліцыянты не давалі нам вады, толькі час ад часу адчынялі дзверы, каб мы маглі падыхаць, аднак там усё роўна было цяжка. Потым нас размеркавалі ў ізалятар часовага ўтрымання, гэта новы будынак на Акрэсціна, там мы правялі ноч. Зранку нас перавялі ў іншую камеру – нас было пяць чалавек. Там мы правялі паўтары гадзіны. А ўжо потым нас перавялі ў стары будынак, дзе я і сядзеў пяць сутак”.
Еўрарадыё: “Колькі людзей было ў камеры? Якое стаўленне было да ўдзельнікаў маўклівых акцый з боку адміністрацыі?
Сцепаненка: “У камеры ў новым будынку было па 4 -5 чалавек, у старым корпусе нас сядзела 10 чалавек. Са мной таксама сядзеў вядомы праваабаронца Валерый Шчукін. У новым будынку да нас ставіліся як да сапраўдных крымінальнікаў, патрабавалі, каб мы перамяшчаліся па будынку толькі з рукамі за спіной, тварам у сценку. У цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў – гэта стары корпус – ставіліся больш-менш нармальна, хаця таксама дазвалялі сабе хаміць, грубіць, але гэта было вельмі рэдка”.
Еўрарадыё: Чым вы займаліся ў камеры гэтыя пяць сутак?
Сцепаненка: “Елі, спалі і чыталі прэсу”.
Еўрарадыё: А якую прэсу там можна знайсці?
Сцепаненка: “Незалежную прэсу нам перадавалі: Народную Волю, Камсамольскую праўду, Белгазету, Нашу Ніву. Так што мы крыху былі ў курсе падзеяў”.
Еўрарадыё: Як там спадар Валер пачуваецца?
Сцепаненка: “Спадар Валер добра трымаўся, дапамагаў хлопцам пісаць нейкія скаргі на дзеянні суда, на дзеяньі ахоўнікаў, якія не дазвалялі, напрыклад, выводзіць людзей на прагулкі, хаця гэта прадугледжана законам. Калі яго ставілі тварам да сценкі, ён ніколі не станавіўся, ён заўсёды паварочваўся да іх тварам. А калі яны патрабавалі выконваць іх загады ён проста казаў, што “я да ворагаў спінай не станаўлюся”. Трымаецца ён бадзёра”.
Еўрарадыё: Вы былі збіты падсчас затрымання. Ці аказалі вам медычную дапамогу?
Сцепаненка: “Не. Там білі па нагах, каб не было бачна сінякоў, аднак у мяне ў выніку на плячы з асталося некалькі гематомаў. Ёсць таксама ссадзіны на руках і нагах”.
Еўрарадыё: Ці будзеце вы абскарджваць прысуд?
Сцепаненка: “Не ведаю. Я неаднаразова сутыкаўся з нашым гэтак званым беларускім правасуддзем, таму яшчэ не ведаю, ці ёсць сэнс абскарджваць, ці не”.
Еўрарадыё: Ці перадавалі вам перадачы і ці сустракалі вас сваякі ці сябры, ці мелі яны інфармацыю пра тое, калі вас выпусцяць?
Сцепаненка: “Перадачы перадавалі і сваякі і паплечнікі,і проста невядомыя людзі. Гэта важна, што грамадская салідарнасць абуджаецца. Тое, што так рана вызвалілі – былі такія меркаванні, што для таго, каб каля будынку Акрэсціна не стварылася ажыятажу, які б мог перарасці ў мітынг. Таму пачалі выпускаць загадзя”.