Выбаркамы забракавалі 9% кандыдатаў ад БНФ і 48% ад “Гавары праўду”

“Усяго з’ездам было вылучана 33 кандыдаты. 30 зарэгістравалі, траім адмовілі”, — расказваюць у офісе Беларускага народнага фронту.

120823 Pilecki Kandydat.mp3

Па падліках Еўрарадыё, больш за 90% кандыдатаў ад БНФ сіта выбаркамаў прайшлі. Сярод зарэгістраваных і лідар партыі Аляксей Янукевіч. Ён пойдзе ў мінскай Чыжоўцы. Прычыны адмоваў — няправільна запоўненыя дэкларацыі аб прыбытках і маёмасці. А ў аднаго сябра БНФ яшчэ і непагашаная судзімасць.

Крыху больш кандыдатаў забракавалі ў партыі “Справядлівы свет”. Лідар Сяргей Калякін расказвае, што змаганне за дэпутацкія крэслы працягнуць 22 сябры партыі. Не прайшлі далей 16% ад першапачатковай колькасці.

“У нас усяго не зарэгістравалі 5 кандыдатаў у дэпутаты. А было 27”.

Палітычным партыям вылучаць сваіх кандыдатаў было нашмат прасцей, чым грамадскім аб’яднанням. Усе ішлі па партыйных спісах, подпісаў на вылучэнне не збіралі. Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучала 48 чалавек. Выбаркамы зарэгістравалі 35. Адсеялі 23%. Па словах Ярмошынай, гэта сярэдні паказчык адсеву на мінулых парламенцкіх выбарах. Тады да стадыі агітацыі не змаглі дайсці 20-25% кандыдатаў.

Старшыня Анатоль Лябедзька гаворыць, што прычынай адмоваў у асноўным таксама сталі няправільна запоўненыя дэкларацыі.

“У нас слабае месца — гэта дэкларацыі. Я думаю, што ўлады калі толькі мелі нейкую магчымасць не рэгістраваць, то выкарыстоўвалі яе”.

Як бачым, выкарыстоўвалі не напоўніцу. Іначай бы пастараліся “зарэзаць” больш чым 13 кандыдатаў. Тым больш, што да запаўнення дэкларацый асобныя кандыдаты падыходзілі не вельмі адказна. Адзін прадстаўнік сацыял-дэмакратаў, напрыклад, забыўся аб прададзенай па даверанасці… машыне.

“Чалавек прадаў машыну, па даверанасці з правам перапродажу. І забыўся пра яе, знікла яна з яго памяці. А машына, аказваецца, у нейкай ступені за ім лічыцца. І вось адмовілі, не зарэгістравалі”, — расказвае старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Ірына Вештард.

Ад яе партыі у выбарах працягнуць удзельнічаць 11 чалавек. Забракавалі толькі 4 кандыдатуры, гэта 27%.

Грамадскім аб’яднанням і рухам, каб вылучыць сваіх кандыдатаў, даводзілася збіраць подпісы. Па тысячы на кожнага. У выніку, галоўная прычына адмоваў у рэгістрацыі – забракаваныя падпісныя лісты. Справа ў тым, што падпісант павінен сваёй рукой не толькі распісацца ў аркушы, але і дату паставіць таксама. Калі гэта не зроблена — подпісы прызнаюцца несапраўднымі, а кандыдата здымаюць. Намеснік старшыні руха “За свабоду” Юрась Губарэвіч гаворыць, што гэта бяспройгрышны спосаб зняць чалавека з выбараў.

“Заявіць, што подпісы былі сабраныя з парушэннямі, і не даць магчымасці азнаёміцца з падпіснымі аркушамі”.

Лісты з подпісамі ў выніку вернуць. Але можа быць позна — суды зацягваюцца, а выбары праходзяць. Удзельнічаць ужо не будзе ў чым. З 43 кандыдатаў, якіх падтрымаў рух “За свабоду”, адмовілі 5-7-мі. Гэта толькі 16%. Але сярод пакрыўджаных выбаркамамі аказаўся лідар арганіацыі — Аляксандр Мілінкевіч. А асабліва крыўдна павінна быць кандыдатам ад “Гавары праўду”. На 25 прэтэндэнтаў — 12 адмоваў — больш за палову — 48%. Сярод іншых не зарэгістравалі нашумелых Пашкевіча і Драко.


Для справядлівасці зазначым, што памылкі ў подпісах не толькі ў апазіцыянераў. Вядомы лекар Аляксей Хадоркін атрымаў адмову таксама па гэтай прычыне. Гаворыць, што насамрэч “бабулі нешта маглі паблытаць” падпісваючыся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі