Выдаўцы: З восені кнігі стануць даражэй у 3 разы

"Папера паднялася ў кошце ў 3 разы, паліграфічныя паслугі выраслі мінімум у 2 разы. Таму сабекошт кніг стаў проста касмічным. Прагноз на рэалізацыю накладаў мы былі вымушаныя паменшыць. Але мы аптымістычна паменшылі ў 2 разы", — гаворыць Еўрарадыё кіраўнік выдавецтва "Рэгістр" Андрэй Карпунін.

Новыя кнігі, якія прывозяць з Расіі, ужо каштуюць каля 80 тысяч рублёў, пры ранейшым кошце ў 30 тысяч. Нашыя ж выдаўцы, калі пралічваюць сабекошты, вымушаныя адмаўляцца ад некаторых праектаў.

"У мяне шмат праектаў завісла. Я не бачу ніякай магчымасці іх рабіць. Частку кнігаў мы пралічваем, там сабекошт атрымоўваецца 50-60 тысяч, мы нават не бачым сэнсу іх рабіць зараз. Пакуль мозг і рынак не перабудуецца", — распавядае выдавец Ігар Логвінаў.

У выдавецтве "Рэгістр" падлічылі кошт кнігі Сяргея Пясецкага. Без закладзенага прыбытку сума ўжо вельмі значная.

"Апошні разлік, які мы рабілі на мінулым тыдні, атрымоўвалася, што вёрстка, карэкцыя, рэдактура і паліграфія з накладам тысяча асобнікаў з неастранамічным аўтарскім ганарарам, але з працай перакладчыка, у нас атрымалася каля 50 тысяч", — кажа Андрэй Карпунін.

Выдавецтва "Рэгістр" з-за валютнага крызісу на тыдзень спыніла працу, бо не мела магчымасці купіць паперу. Цяпер яно прадае кнігі яшчэ па старых коштах і губляе прыбытак. Згодна са словамі Карпуніна, старыя кошты захаваюцца да сярэдзіны верасня.

"Пакуль у кніжных крамах ёсць кнігі па старых коштах, а гандлёвыя арганізацыі распрадаюць склады, народ не адчувае ўсплёску коштаў на кнігі", — дадае ён.

У верасні кніга, якая раней каштавала 20 тысяч, абыдзецца ў 60-70 тысяч, сцвярджаюць выдаўцы.

"Людзі будуць знаходзіцца перад выбарам: купіць прадукты ці кніжку. Мадэлі купіць і адно, і другое не праглядаецца. У людзей проста не будзе грошай", — мяркуе Андрэй Карпунін.

Раман Уладзіслава Ахроменкі “Тэорыя змовы” апынуўся ў паказальнай сітуацыі. Зарабіць на ім выдаўцам не атрымалася, пры тым, што зараз яго прадаюць па 30 тысяч, раней за кнігу такога кшталту трэба было аддаць да 10 тысяч, гаворыць выдавец Ігар Логвінаў.

"Бюджэт мы лічылі да крызісу, а калі прыйшоў час друкаваць яе, бюджэт падаражаў у 2,5 разы. І мы проста былі не ў стане выканаць свае абавязкі".

Паменшыць сабекошт магло б выкарыстанне шклоўскай паперы, але абсталяванне выдавецтва "Рэгістр" не можа друкаваць кнігі на ёй. Тым больш людзі не хочуць купляць творы, надрукаваныя на газетнай паперы, з-за яе нізкай якасці.

У выніку ўвосень выдавецкі рынак сціснецца ў два разы і выдаўцы будуць друкаваць меней кніжак. А пакупнікі зменяць густы, дадае Андрэй Карпунін.

"Цяжкі дэтэктыў людзі наўрад ці захочуць чытаць. Яны захочуць нешта лёгкае, жыццесцвярджальнае, рамантычнае. Таму што смутку ім хапае вакол. А палёту яны захочуць знайсці ў літаратуры. І з кожным крызісам гэта адно і тое".

Фота: profmedia.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі