Watanabe-Berlin-Hernandez trio выступіць у Мінску
Культавыя музыкі аб’ядналіся разам для адзінага тура па Еўропе.
Гастролі трыа распачаліся ў Італіі, адкуль музыкі рухаюцца ў бок нашай краіны. 15 красавіка яны з’явяцца на сцэне ДК Мінскага аўтазавода.
“У нас атрымалася запрасіць абсалютна незвычайных музыкаў! — радуецца дырэктар канцэртнага агенцтва "Equilibrium Arts" Інга Бухвалава. — З гэтым праектам музыкі ўпершыню гастралююць па Еўропе, бо ў кожнага з іх вельмі насычанае творчае жыццё. У культурным жыцці Мінска такія незабыўныя падзеі адбываюцца рэдка”.
У трыа Казумі Ватанабэ (Kazumi Watanabe), якога адзін з вядучых японскіх музычных часопісаў “Swing Journal” 24 гады запар называе лепшым гітарыстам свету, уваходзяць таксама адзін з лепшых басістаў сучаснасці Джэф Бэрлін (Jeff Berlin) і ўладальнік Grammy, кубінскі бубнач і перкусіяніст Гарацыа “Эль Негра” Эрнандэс (Horacio "El Negro" Hernandez). Паасобку музыкі запісваліся і выступалі з Карласам Сантанай, Дызі Гілеспі Элам Дзі Меолай, Рычардам Бана, Маклафлінам.
Канцэрт адбудзецца 15-га красавіка ў ДК МАЗ. Квіткі ад 100 да 530 тысяч беларускіх рублёў.