Як банкі мяняюць стаўкі па крэдытах і дэпазітах

130321_savich_staffki_0.mp3

У “Абсалют-банку” стаўкі па спажывецкіх крэдытах — а зараз яны складаюць 53-60% — не мяняліся некалькі месяцаў. Гэта нягледзячы на зніжэнне стаўкі рэфінансавання на 1,5%. На пытанне Еўрарадыё, ці не палохаюцца кліенты такіх ставак, у мяне пытаюцца ў адказ:  


“А вы як думаеце, як будуць людзі рэагаваць?”. 

 
Дзяўчына-кансультант з "Альфа-банка" радуе стабільнасцю ставак па крэдытах.


“У нас стаўкі не мяняліся: як былі ад 70%, так і засталіся. Даволі папулярны крэдыт. Зараз прыкладна ва ўсіх банках аднолькавыя стаўкі”. 

 
Самы дарагі спажывецкі крэдыт тут 75% гадавых. 


Калі ўзяць у гэтым банку 25 мільёнаў рублёў на 2 гады, напрыканцы тэрміну давядзецца аддаваць амаль удвая больш. Зніжэнне стаўкі рэфінансавання на 1,5% "Альфа-банк" скарыстаў па максімуме: стаўка па адным з… дэпазітаў зменшылася адразу на 6 працэнтных пунктаў!  

“Зараз на месяц стаўка складае 35%, на тры месяцы — 37%, а было 41 і 43% суадносна”, — кажуць у банку. 


Карціна з крэдытамі-дэпазітамі ў большасці камерцыйных банкаў выглядае аднолькава: стаўкі па крэдытах знізіліся ў межах 5%, а дэпазіты патаннелі на 2-3%. Нягледзячы на тое, што стаўка рэфінансавання паменшылася толькі на 1,5%. 


Цікава паводзіць сябе “Беларускі народны банк”: бадай, гэта адзіны банк, які знізіў стаўкі па крэдытах амаль да 30%! 


“Стаўкі па крэдытах у нас знізіліся ад 16 да 29%, а па дэпазітах — на 1,5%. Да прыкладу, дэпазіт “Тое, што патрэбна”: было 32%, а стала 30,5%”. 

А вось “БелВЭБ” скарыстаў змены стаўкі рэфінансавання на свой густ. Тут стаўкі па крэдытах... выраслі. 

“З 4 сакавіка яны павялічыліся”, — нечакана кажа дзяўчына ў кантактным цэнтры банка. Раней стаўка была каля 42%, а зараз каля 45%. Але ў крэдытным аддзеле, дзе даюць больш падрабязную інфармацыю, супакойваюць: 

“Яны ж знізяцца...”.

Без хітрыкаў пытаюся, ці гэта такі рэкламны ход — спачатку падвысіць, а потым рэкламаваць паніжэнне ставак. У банку ўздыхаюць, што так і ёсць. 

Вось як трэба быць на пульсе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі