Ян Максімовіч: "Ствару ў войску банду!"
На працягу чэрвеня стане вядома, ці адправіцца вакаліст гурта Yellow Brick Road Ян Максімовіч на службу ў войска.
Як кажа сам музыка, хутчэй за ўсё, гэта будуць войскі запасу, але не выключае магчымасці "патрапіць" на паўнавартасную службу.
Ян Максімовіч: "Калі я патраплю ў войска, адразу ж знайду лысенькіх пацаноў, якія граюць на барабанах, на гітары, на басе, і хуценька ствару там банду! Запішу альбом і будзем граць тыя "армейскія тэмы", якія там прыдумаем".
Музыка не баіцца, што за музычныя схільнасці будзе пасаджаны прапаршчыкамі "на губу" ці, таго горш, - будзе спяваць "Мурку" падчас армейскіх святаў:
Ян Максімовіч: "Наадварот! Будзем там канцэрты даваць! Прапаршчыкі вельмі любяць самадзейнасць. Я ім сыграю "Мурку" ў рок-апрацоўцы і без галоўнага рыфа! І будзе нармальна! Ім галоўнае, каб спявалі!"
На дадзены момант Ян Максімовіч заканчвае Маскоўскі эканамічны інстытут эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі па спецыяльнасці "Антыкрызісны кіраўнік". Але, не гледзячы, на "прэстыжную" прафесію, працаваць па спецыяльнасці не думае. Хутчэй за ўсё музыкант пойдзе вучыцца па іншых цікавых профілях.
Ян Максімовіч: "Я выпадкова апынуўся ў гэтым інстытуце. Цяпер разглядаю варыянты, можна ў Чэхію паступіць будзе, на вакальныя спецыяльнасці. Ці, я вельмі люблю акцёрскае майстэрства і ўсё, што з гэтым звязана - рэжысуру, кінематограф. Я б туды сунуўся, хутчэй, чым займаўся ўсялякімі праблемамі, ад якіх у мяне галава кругам".
На Yellow Brick Road такія форс-мажорныя акалічнасці ніяк не паўплываюць, запэўнівае Ян - для кожнага з музыкаў гэта справа першараднай важнасці.
Ян Максімовіч: "Усё адно, куды б усе музыкі не з'ехалі, яны як на гумцы потым - бэк джампінг, ведаеш? Вось і кожны з нас гэта ведае. Нас не разарваць".
Фота: Яўген Ерчак