"Яны не спяваюць, як звычайныя людзі" (фота+гук)
Так гледачы кажуць пра "Камерату". Еўрарадыё прабралася за кулісы канцэрта гурта ў філармоніі і даведалася, што дапамагае музыкам збіраць аншлаг за аншлагам.
Звонку Белдзяржфілармонія нагадвае рэжымны аб'ект. Масіўныя дзверы, з якіх адчыняюцца толькі адны; пільныя вахцёркі, якія ні ў якім разе не пусцяць у залу публіку з балкона; турнікет і ахова на службовым уваходзе.
Але ведайце: больш адкрытай канцэртнай пляцоўкі Еўрарадыё не бачыла. Трапіць за сцэну можа хто заўгодна: дастаткова прайсці міма бара (о, што я кажу! прайсці міма бара!) і штурхануць яшчэ адны масіўныя дзверы... Так, 16 лютага ў аб'ектыў еўрарадыйнага фотаапарата трапіла вакальная група "Камерата". Глядзіце нашы фотаздымкі з-за заслоны і слухайце музыку, якую мы запісалі падчас канцэрту.
Ля ўваходу на галоўную акадэмічную сцэну краіны — мітусня. Хлопчыкі з хора 10-й музычнай школы, штурхаючы адзін аднаго, падглядаюць за тым, як "Камерата" пачынае зацягваць гледачоў у шматстылёвы акапэльны вір.
"Яны не спяваюць, як звычайныя людзі", — кажа адзін з іх. Толькі дзіця можа сказаць так проста, шчыра і трапна.
"Камерата можа ўсё", — праз некалькі хвілінаў прызнаецца Еўрарадыё мастацкі кіраўнік хлопчыкаў Уладзімір Глушакоў.
Самага вядомага яго выхаванца — "чароўнага труса" Юры Дземідовіча — за кулісамі няма. А іншыя дзеткі, кожны з якіх крыху Дземідовіч, неўзабаве выйдуць на сцэну, каб заспяваць разам з "Камератай":
А вось і галоўныя героі вечара. У музыцы "Камераты" і калядныя завеі, і першыя красавіцкія слёзы вясны. Нібыта старажытныя майстры, якія будавалі цэрквы без адзінага цвічка, музыкі будуюць свае мелодыі без адзінага інструмента.
Журналістаў заўжды цікавяць райдэры гуртоў. Заходзіць да "Камераты" ў грымёркі мы не наважыліся. Але за кулісамі пабачылі, што музыкі назапасілі для таго, каб камфортна адчуваць сябе на сцэне. Дзве пластыкавыя бутэлечкі з пітной вадой і пачак папяровых сурвэтак! Гэта ўсё, што патрабуецца "Камераце" падчас канцэрту даўжынёй у паўтары гадзіны.
Ну чым не Rammstein?
Пра "Камерату" ўжо напісана столькі, што хапіла б на тры артыкулы ў "Вікіпедыі". Тое, што напісана добрага — праўда. Не будзем выдумляць ці паўтарацца і пакуль што проста дамо вам паслухаць музыку і паглядзець на яе выканаўцаў.
Глыбокая лірыка без адзінага слова: песні пра зямлю і паветра, пра жыццё і смерць.
Шакаваная публіка ўзнімаецца з месцаў, ледзь толькі музыкі падыходзяць на паклон да краю сцэны. І нават не вырашаецца папрасіць што-небудзь "на біс".
"Камерата" можа заспяваць свой складаны рэпертуар і разам з залай.
Да хардкору не дайшло, але было спякотна!