Yellow Brick Road: "Мы націскаем reset, і за лета зробім штосьці новае"
Бонус-эксклюзіў ад Yellow Brick Road - глядзіце прэзентацыю DVD на Еўрарадыё!
Пра новых удзельнікаў гурта, канцэрт з Deep Purple, саўндтрэкі да камп'ютарных гульняў, а таксама пра тое, чаму музыкі адмаўляюцца ад магчымых канцэртаў у горадзе Мінску ў інтэрв'ю Еўрарадыё распавялі музыкі Yellow Brick Road Дзіма Хламаў і Жэня Сухавей.
А ці не прэзентаваць наш DVD у кінатэатры?
Еўрарадыё: Падчас канцэртнай прэзентацыі вашага апошняга альбома "Honeymoon" вы запісвалі DVD. Што з ім цяпер?
Дзіма: Ну, у выніку атрымаўся даволі цікавы матэрыял з 8-мі камер, які ўвесь гэты час мантаваўся, рыхтаваўся, накладваўся тытрамі, абрастаў меню. У выніку ўсё было гатова, але мы вырашылі ўзяць і адкласці ўсё гэта на восень.
Цяпер ёсць гатовы прадукт з гатовым меню, запісаная балвака з DVD. Я думаю, восенню ён убачыць свет.
Такога плану і такой якасці будзе DVD, абяцаюць музыкі
Еўрарадыё: Ці будзеце вы рабіць нейкую прэзентацыю гэтага дыска?
Дзіма: Мы пакуль што не думалі. Ёсць нейкія зусім варяцкія ідэі зрабіць прэзентацыю ў кінатэатры, напрыклад, а не рабіць гэта канцэртам. Але пакуль гэта толькі ідэі, і я думаю, што мы вызначымся бліжэй да восені, як лепш зрабіць. DVD рыхтаваўся да тура, у які мы не паехалі.
Еўрарадыё: Кінатэатр выбірайце такі, каб можна было патанчыць паміж сядзеннямі.
Жэня: А лепш 3D!
Ёсць фактары, якія замарозілі нашу працу
Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі перанесці прэзентацыю на восень?
Дзіма: Наклалася вельмі шмат фактараў, якія не тычацца музыкі і гурта, і таму нам давялося ўсё адкласці. Усе нашы планы і справы мы перанеслі на восень. За ўвесь гэты час з лістападаўскага канцэрту да сённяшняга моманту былі толькі канцэрт з Deep Purple і пара рэпетыцый. Ёсць фактары, якія замарозілі нашу працу, таму мы націскаем Reset і за лета зробім штосьці новае.
Летам плануецца шмат фестываляў. Пасля лета вернемся ўжо з DVD, поўныя сіл і рашучасці, і зробім добры вялікі канцэрцік у Мінску.
страбаскопы - вораг № 1
Еўрарадыё: Ці задаволеныя вы вынікам запісу? Памятаецца, вы прыклалі шмат высілкаў, каб падчас канцэрту ў вас быў добры гук, якаснае святло. Вам самім падабаецца відэа?
Дзіма: Так, вынік нам падабаецца. Адзінае, што мы ж вучымся, мы бо раней ніколі не рабілі DVD. І некаторыя моманты для нас былі новымі. Мы не ўзгаднялі працу светлатэхнікаў і рэжысёраў. Таму ў нас было, да напрыклад, шмат страбаскопаў, што вельмі моцна пашкодзіла відэа. То бок гэтыя моманты трэба было ўдакладніць, зводзіць людзей. Мы зараз ведаем свае памылкі і тое, што страбаскопы - вораг відэа №1.
Рэдка прыязджаюць у Беларусь гурты, з якімі можна сыграць і потым ганарыцца
Еўрарадыё: Як вам выступ з Deep Purple?
Дзіма: Я думаў, мы нават будзем баяцца. А выйшла, як звычайны канцэрт. Выдатна!
Жэня: Там была сталая публіка. Можа быць, калі б там была тэмпераментная моладзь – было б штосьці накшталт "Ідзіце прэч!". А так да нас вельмі паважліва паставіліся.
Дзіма: Больш хвалюючым былі зносіны з самімі дзядулямі.
Еўрарадыё: Як вы трапілі да іх на разагрэў?
Дзіма: Напісалі рэзюмэ, распавялі, што хочам на разагрэў, і адправілі мэнэджарам. Напісалі, па сутнасці, для ачысткі сумлення і супакоіліся. А праз тыдзень прыйшоў адказ, што мы зацверджаныя. Не чакаў наогул! Проста так гэта рабіў. Рэдка прыязджаюць у Беларусь гурты, з якімі можна сыграць і потым ганарыцца. Пафоткалісь, пагутарылі, падарылі ўсім удзельнікам дыскі.
Не будзем рабіць чос
Еўрарадыё: Вы свядома не граеце канцэртаў у Мінску?
Дзіма: Так, гэта свядомы крок. Мы адмаўляемся ад разнастайных канцэртаў у горадзе Мінску. Таму што хочацца падрыхтаваць некалькі іншую праграму, зрабіць штосьці абсалютна новае і абсалютна іншае ў параўнанні з мінулым канцэртам. А так, перарабляць ужо гатовую праграму, граць яе па-іншаму, мне здаецца нецікава. Гэта трэба бачыць адзін раз, аднаго разу дастаткова. Трэба рыхтаваць наступную праграму.
Гэта як спектакль: мы зрабілі пастаноўку – хто жадаў, той патрапіў на гэты спектакль. Наступны будзе іншым. Калі людзі, якім спадабаўся першы спектакль, прыйдуць на другі – выдатна. А можа і хтосьці новы падцягнецца. Думаю, мы будзем працаваць па такім прынцыпе. Не будзем рабіць чос! Калі атрымалася адзін раз, мы не будзем гэта паўтараць. Кшталту, вось, глядзіце, як мы ўмеем! Трэба развівацца, рабіць штосьці новае.
Так што як раз да восені мы яшчэ трохі пасталеем і зробім яшчэ круцей!
у тур мы можам паехаць у любы час
Еўрарадыё: Што за тур у вас сарваўся, і куды вы збіраецеся восенню? Ці ўваходзіць у вашы планы Беларусь ці вы зноў паедзеце катацца па Еўропе?
Жэня: Тур павінен быў быць у траўні, але ён адмяніўся. А калі ён адбудзецца ў наступны раз – пакуль невядома.
Дзіма: Не ведаю, ёсць варыянт прымеркаваць тур да выпуску DVD, як першапачаткова і задумвалася. Цяпер, сумленна кажучы, мы не жадаем нікуды спяшацца. Было тры пласцінкі за год літаральна. Гэта даволі цяжка, хоць нібыта мы і бадзёра трымаемся: "Ай, ды ўсё фігня! Гэта так лёгка! Галоўнае – захацець!" Але ўсё гэта даволі цяжка і цяпер мы бярэм паўзу.
Насамрэч, сама ідэя і сама праца разрастаюцца. Мы вельмі многім пачалі займацца, і кожны заняты тым, чым яму хочацца. Няма такога: тэрмін – альбом. Усё размерана. І ў прынцыпе, у тур мы можам паехаць у любы час. Проста трэба разумець і ведаць, навошта ты ў яго паедзеш.
Не хочацца ехаць у тур з тым матэрыялам, які ўжо ёсць. Хочацца зрабіць штосьці новае. Ці перарабіць старое па-іншаму.
Усе заўсёды лезуць, куды толькі могуць і Sang Sattawood
Sang Sattawood
Еўрарадыё: Раз гаворка зайшла пра тое, што кожны «заняты тым, чым яму хочацца», Жэня, што за другі праект у цябе з'явіўся? Ці не баіцеся вы, што гэта пачатак распаду?
Жэня: Пра распад гаворка не ідзе, проста немагчыма займацца толькі адным увесь час. Асабліва, калі гэта тычыцца музыкі. Па-мойму, калі ўзяць за прыклад якога-небудзь даволі паспяховага музыку, вы не знойдзеце такога, што ён быў заўсёды ў адным гурце, у адным праекце і ўсё. Усе заўсёды лезуць, куды толькі могуць.
Еўрарадыё: І куды ты палез у выніку?
Жэня: Рэалізоўваць усе свае планы! Таму што, напрыклад, я не магу рэалізаваць усе свае творчыя амбіцыі толькі ў Yellow Brick Road. Не таму, што Yellow Brick Road дрэнны гурт, а таму што ў Yellow Brick Road ёсць свой накірунак. І таму, калі раптам гэты гурт пачне граць рэп, яго не пазнаюць. А мне, можа, захочацца рэп граць! Я ж не буду гэта рабіць з Yellow Brick Road! Мне давядзецца сабраць новы гурт і зрабіць рэп-альбом.
Еўрарадыё: Гэта значыць, калі бліжэй да справы, у цябе ёсць яшчэ адзін гурт?
Жэня: Так, называецца Sang Sattawood. Я там граю на барабанах. Гэта цёмная музыка, яна адрозніваецца ад таго, што робяць Yellow Brick Road: YBR грае такі іскрысты рок-н-рол, вясёлы і забіяцкі, а там адваротны бок медалю. Калі ёсць час – чаму б яго не траціцць на нейкія яшчэ праекты.
Мой другі гурт існуе ўжо, напэўна, год. Не сказаць, што там у нас вядзецца нейкая ўзмоцненая праца над раскруткай, як у YBR. Канцэртаў значна менш, у туры ніякія не ездзім.
Еўрарадыё: У іншых удзельнікаў Yellow Brick Road таксама ёсць паралельныя праекты?
Жэня: Наш гітарыст, Паша, па адукацыі музыка. Немагчыма такое, каб ён граў толькі ў адным гурце, ён яшчэ грае ў розных кавер-бэндах, а таксама як сесійны музыка.
Дзіма: Гэта выдатна! Як кажа Паша, немагчыма быць добрым музыкам, калі ты будзеш граць у адным стылі музыкі. Табе патрэбнае развіццё, і ты потым будзеш красці ідэі іншых стыляў, і рабіць гэта, напрыклад, у рок-н-роле. Чаму не?
А вось пра Sang Sattawood я б назваў яшчэ добрыя якасці – Дэбют года!
Жэня: Ultra-Music ацанілі нашу творчасць і назвалі нас Дэбютам года. Справа яшчэ ў тым, што гэту намінацыю абрала не публіка, а рэдакцыя. І гэта кажа пра тое, што такая музыка, якую грае мой другі праект, не вельмі моцна запатрабаваная і не вельмі моцна заходзіць у масы. Яна падабаецца вельмі абмежаванаму колу людзей.
Наша каманда пашыраецца, нічога дрэннага ў гэтым няма.
Еўрарадыё: Што за новыя ўдзельнікі з'явіліся ў гурце Yellow Brick Road?
Дзіма: З нашага лістападаўскага канцэрту ў нас на сталай аснове працуе клавішнік Антон Рубацкі. Ён запрошаны на працу, «на аклад» і сталае месца жыхарства ў нашай камандзе.
А таксама вось ужо апошнія 2 месяцы я не хаджу на рэпетыцыі, і за мяне ў гурце працуе новы чалавек.
Еўрарадыё: Ты вырашыў сысці з гурта?
Дзіма: Гэта спрэчнае пытанне, але мне здаецца, так будзе лепш.
Еўрарадыё: Чаму ты прыняў такое рашэнне?
Дзіма: Яно не прымалася увогуле. Усё адбывалася спантана. Проста ў траўні ў мяне былі сур'ёзныя неадкладныя справы, звязаныя з "Dominance PRO", і я не мог пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і паехаць з хлопцамі ў запланаваны тур. Таму тэрмінова шукаўся сесійны музыка.
Ён быў знойдзены, пачалі разбіраць матэрыял. Потым, у выніку, тур адмяніўся. Але дадзены чалавек застаўся ў калектыве, ён працуе. І мне здаецца, што, магчыма, гэта выдатны варыянт.
Еўрарадыё: Ён працуе ў якасці асноўнага музыкі ці, усё ж, пакуль запаснога аэрадрома?
Дзіма: Увогуле, у параўнанні з Антонам мы яго яшчэ не ўзялі "на пасаду". Ён не азнаёмлены са "службовай" інструкцыяй.
Жэня: Усё не можа здаць іспыт(смяюцца).
Дзіма: Ён на здзельнай аплаце і на выпрабавальным тэрміне. Калі ён вытрымае гэты цвёрды іспыт – ну, чаму б і не.
Жэня: Усё адно мы адна каманда. Проста кожны павінен займацца сваёй справай.
Дзіма: Наша каманда пашыраецца, нічога кепскага ў гэтым няма. У мяне цяпер больш часу, каб займацца іншымі справамі. З'явілася шмат праектаў, якім я жадаю дапамагаць апроч Yellow Brick Road. Я адкрыты да супрацоўніцтва.
Жэня: На карысць музыкі Рэспублікі Беларусь!
Дзіма: У дадзены момант я дапамагаю гурту "Разбітае сэрца пацана" з турам па Беларусі. Таксама дапамагаю гурту-пераможцу фестывалю Emergenza No Comment Band. Яшчэ са шматлікімі гуртамі ў нас адбыліся сур'ёзныя гутаркі. Я гатовы дапамагаць ім.
А калі ты будзеш прывязаны да нейкіх гастрольных графікаў, то твой ККД будзе нашмат ніжэйшы. Пакуль што так, час пакажа. Можа, спадар Арлоў, наш новы басіст, скажа: "Не, не магу з вамі". Тады будзем думаць.
Еўрарадыё: Ты задаволены тым, як прайшоў фестываль Emergenza?
Дзіма: Фестываль Emergenza за яго тры паўфінальныя этапы і адзін фінальны наведала больш за 2000 чалавек. У прынцыпе, мне здаецца, што гэта поспех для першага года. Конкурс карыстаўся вялікай цікавасцю ў публікі, усе абмяркоўвалі, хто ж пройдзе, хто выйдзе.
Напрыклад, я быў вельмі здзіўлены тым, што на фінальным канцэрце амаль усе гурты задумаліся над тым, як зрабіць шоў, як здзівіць публіку, каб максімальная колькасць гледачоў за іх прагаласавала. Былі розныя дажджы з канфеці, шары валіліся са столі, сэрца білася ў руках, з'яўляліся ўсякія дэкарацыі на сцэне, тэатральныя ўстаноўкі. Рэальна – гэта радуе!
Людзі былі зацікаўленыя ў тым, каб атрымаць перамогу. Штосьці прыдумлялі.
гурт No Comment Band і скрыпічнае трыа ў фінале конкурсу Emergenza
Еўрарадыё: Увогуле, працавалі над сабой!
Дзіма: Так! Гэта фактар галоўны і асноўны, калі ты жадаеш поспеху. Прайшоў конкурс, быў вызначаны пераможца, якога выбіралі гледачы і журы. Пераможцам стаў гурт No Comment Band. 17-га чэрвеня яны паедуць у Маскву на фінал, дзе будуць спаборнічаць з рускімі гуртамі.
Еўрарадыё: Якія прызы атрымалі музыкі?
Дзіма: Хочацца адзначыць, што мы не абдзялілі прызамі ніводнага фіналіста. Гэта значыць, усе гурты, якія былі ў фінале, атрымалі прызы. Нават гурт, напрыкладу, які заняў 7-е месца атрымаў грашовы прыз з фонду Emergenza.
пераможцы - No Comment Band
Хлопцы з Sang Sattawood таксама ўдзельнічалі ў конкурсе, і таксама былі нашымі фіналістамі. Яны атрымалі прафесійныя навушнікі. Хтосьці атрымаў розныя "прычындалы" для гітар – струны, чахлы і г.д.
Шматлікія гурты атрымалі права ўдзельнічаць у фестывалі "Соседний мир", які пройдзе ў Крыме 4-6-га жніўня. Цяпер мы праводзім адбор на дадзены фестываль. Пакуль што пададзена каля 50-ці заяваў. З іх мы адбяром каля 8-мі гуртоў і правядзём канцэрт, на якім будзе праведзена галасаванне як гледачоў, так і журы (канцэрт пройдзе 8-га чэрвеня ў сталічным R-clube – заўв.аўтара). Будуць адабраныя 1-2 гурты, якія адправяцца на фестываль "Соседний мир" у Крым, у якім удзельнічаюць Ляпіс Трубяцкой, Noize MC, Король и Шут, Пілот і інш.
Еўрарадыё: Што трэба зрабіць, каб трапіць у адборачны тур?
Дзіма: Трэба адправіць заяўку на [email protected] з указаннем кантактнага тэлефона, назвы гурта і спасылкамі. Мы ўсё праслухоўваем, выбіраем.
Вярнуся да No Comment Band: пасля таго, як гурт перамог на фестывалі Emergenza, мы правялі "планавую нараду" Dominance PRO і вырашылі, што на правах пераможцы Emergenza мы будзем займацца гуртом цэлы год да таго моманту, пакуль мы не здабудзем новага пераможцу Emergenza у Беларусі.
нам па сілах арганізаваць любы фестываль
Еўрарадыё: Ці няма ў вас жадання пачаць праводзіць летнія фестывалі ў Беларусі?
Дзіма: Вельмі хацелася б. Мне вельмі падабаецца гэта ідэя. І вельмі сумна ад таго, што ў Беларусі няма такога фестывалю, але вельмі моцна хвалюе пытанне рэнтабельнасці дадзенага фэсту, хоць і цікавасць да гэтага вялікая.
Напрыклад, той жа фестываль "Рок за Баброў" праходзіць пад эгідай кампаніі Heineken, і, уласна кажучы, бясплатны ўваход забяспечвае 10-ці тысячную аўдыторыю.
Калі вы памятаеце, некалькі гадоў таму Уладзімір Шаблінскі спрабаваў зрабіць фестываль "Bela Music", на які сабралося меней за тры тысячы.
У прынцыпе мы гатовыя, і я ўпэўнены, нам па сілах арганізаваць любы фестываль. Але для гэтага патрэбная зацікаўленасць спонсараў, таму што сваімі сіламі мы не можам зрабіць сапраўдны фестываль.
Мы можам зрабіць "Bela Music", але каму гэта трэба? Ды і ў прынцыпе, законы не на нашым боку, таму што ёсць некаторыя абмежаванні і патрабаванні.
нас запрасілі ў якасці гасцей на галоўную сцэну Басовішча
Еўрарадыё: Куды вы паедзеце летам? Распавядзі пра вашы фэставыя планы.
Дзіма: Мы ўпершыню адпраўляемся на фестываль Басовішча. Нас запрасілі ў якасці гасцей на галоўную сцэну. У прынцыпе, мы вельмі зацікаўленыя.
Я ніколі не быў на фестывалі Басовішча і заўсёды з пагардай глядзеў на тое, што робіцца. Але быццам бы ў апошнія гады тэндэнцыі пайшлі ўгару, памяняўся адказны за фестываль чалавек.
І што я нават чую, што, магчыма, на гэтым фестывалі будзе хэдлайнер. Прычым, не беларускі ці польскі хэдлайнер, а гурт сусветнага ўзроўню. Пакуль гэта закрытая тэма.
Жэня: Prodigy? (смяецца)
Дзіма: Кейт Флінт прыедзе з сольным праектам!
Жэня: І Кэці Пэры.
Дзіма: Будуць вялікія оўпэн-эиры ў Літве і Латвіі. У Латвіі гэта Zvera Fest, самы вядомы латышскі фестываль. Гэтымі пытаннямі займаецца наш эстонскі сябар. Захопім Прыбалтыку! Пакуль не скончылася віза – трэба ездзіць. Мы хочам з'ездзіць паглядзець на еўра і на долар, а то забыліся, як яны выглядаюць.
Відаць, мы камусьці перайшлі дарогу
Еўрарадыё: На беларускіх фестывалях вас можна будзе ўбачыць?
Дзіма: Па дзіўным збегу абставніаў, мы не ўдзельнічаем у бліжэйшым беларускім фестывалі – "Рок за Баброў". Там ёсць усе ўдзельнікі мінулага года – No Comment Band, Маёма, Бан Жвірба, усе! Проста бярэш афішы і параўноўваеш! Усе, акрамя адной – Yellow Brick Road.
Мне гэта вельмі спадабалася. Відаць, мы камусьці перайшлі дарогу. Вельмі камусьці не спадабаліся і нас выкраслілі.
Еўрарадыё: Дзе ж вы маглі насаліць? Ёсць, што ўспомніць?
Дзіма: Не. Але, мабыць, мы насалілі сваімі паводзінамі, сваім выступам на "Рок за Баброў-2010". Па выніках леташняга конкурсу ў межах "Рок за Баброў" былі абраныя 2 гурты – Бан Жвирба і мы. Там жа нацыянальная ідэя, хлопцы спявалі па-беларуску, выйшлі такія прыгожыя.. А мы - у сініх штанах. Я зваліўся нават.. Можа, гэта таму? Таму, што я зваліўся? (смяюцца) Мне ўсё ж цікава даведацца пра сапраўдную прычыну.
Хуткім часам Yellow Brick Road выступяць у якасці спецыяльнага госця на канцэрце-адборы для фестывалю "Соседний Мир", 8-га чэрвеня ў R-clube, а 19-га чэрвеня мы выступім у Мірскім замку.
У тыле ворага: фашысты сядзяць у лесе, напішыце, як вы гэта бачыце
Еўрарадыё: Чула, што вы пішаце саўнд-трэкі?
Дзіма: Нарадзілася наогул нерэальная ідэя, пісаць саўнд-трэкі да камп'ютарных гульняў. Яна б нарадзілася і памерла, але мы не пакінулі яе бясследна. Мы правялі перамовы з шэрагам расійскіх кампаній, якія займаюцца вырабам гульняў. І атрымалі некалькі пробных заданняў.
Напісалі саўнд-трэкі да нейкіх гульняў ваеннага характару, кшталту "Ў тыле ворага". Ну, і ўвогуле нашым расійскім калегам гэта ўсё спадабалася. Яны зацікаўленыя.
У дадзены момант мы падпісваем кантракт на выраб паўнавартасных саўнд-трэкаў да камп'ютарных гульняў дадзенай кампаніі.
Еўрарадыё: Вам цікава? Вы самі гуляеце ў камп'ютарныя гульні?
Дзіма: Не. Я наогул не памятаю, як гэта, з часоў прыстаўкі.
Еўрарадыё: Я калісьці гуляла ў Супер Марыё ў суседзяў! (смяёмся)
Дзіма: Так, у мяне таксама не было прыстаўкі, таму я хадзіў да суседзяў. Таму што тата казаў: "Пасадзіш кінескоп!" Я да свайго сораму навучыўся гуляць у "Касынку", напэўна, гадоў у 18 толькі. Таму што я не разумеў, што гэта за карты.
Еўрарадыё: Як жа тады ў вас адбываецца працэс напісання музыкі да гульняў?
Дзіма: Гэтым займаецца чалавек, які хоць неяк разумее, што павінна быць у камп'ютарных гульнях. Кожны прыўносіць нейкія карэктоўкі, як ён гэта бачыць. Мы ўсе дапамагаем парадамі, а вытворца адзін – Антон Рубацкі, клавішнік.
Першапачаткова, калі мы ўсё гэта прыдумалі, мы думалі, музыка Yellow Brick Road стане саўнд-трэкам да гэтых гульняў. У прынцыпе так, кампаніі зацікавіліся, яны праслухалі матэрыял, але сказалі, што да ваенных гульняў гэта не падыдзе.
Але, маўляў, "ваша музыка застанецца ў нашай базе і мы яе абавязкова куды-небудзь прыстроім, таму што гэта выдатна! Была ў нас калісьці гульня, і да яе патрабавалася менавіта ваша музыка, такога стайлу, але гульня ўжо гатовая. У прынцыпе, будзем чакаць іншых замоваў".
І далі нам заданне на канкрэтнае вырабленне: напісаць экшн-частку, эмбіэнт-частку. Напісаць: "Уявіце, фашысты сядзяць у лесе, напішыце, як вы гэта бачыце" (смяюцца)
Нам не цікава, якія гэта гульні. А цікава, што апісаныя сцэны і тое, як мы іх бачым ў музычным плане. Перакласці свае эмоцыі на музыку – клас!
І зноў жа – гэта самаразвіццё! Мы ніколі сябе не спрабавалі ў дадзеным ключы.
Хлопцы, вы, зразумела, грошай за гэта не атрымаеце, але папулярнасць будзеее ў ваааас!
Еўрарадыё: Музыку да фільмаў вам яшчэ не прапанавалі пісаць?
Дзіма: Так, мы аддавалі кампазіцыі да розных фільмаў, нават беларускіх. Нам сказалі: "Хлопцы, вы, вядома, грошай за гэта не атрымаеце, але папулярнасць будзееет у ваааас! Музыка будзе гучаць з кожнага вакна! Мы яшчэ дыск выпусцім!"
Мы аддалі музыку і зразумелі, што чакаць ад гэтага нічога не варта. А мне увогуле калегі па працы казалі, што глядзелі нейкі там серыял, у якім увесь час грала наша песня.
Нават не ведаю. Сам ні разу не бачыў, ні чуў. Ну, можа быць, чаму не? Грошай за гэта мы не атрымалі.
За мяжой кожны паказ аплачваецца, хоць ты паказвай ролік у гандлёвым цэнтры – усё адно гэта лічыцца паказам.
Еўрарадыё: У нас жа ёсць Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.
Дзіма: Так, дзе ты рэгіструешся як аўтар, і за ўсе твае пракручванні па радыё, па тэлебачанні табе павінны плаціць грошы. А для таго, каб адкрыць рахунак, трэба было пакласці 20 рублёў.
Затым ты прыносіш ім гэты рахунак і складаеш спіс сваіх песень. Я зарэгістраваў усе песні і напісаў усе радыёстанцыі, на якіх яны круцяцца. Ну, і ўвогуле, праз паўтара года я прыйшоў паглядзець, колькі ж там грошай набегла.
Думаў, можа, кватэру куплю ці машыну. Як было 20 рублёў, так і засталося.
Еўрарадыё: Збіраецеся заняцца гэтым пытаннем?
Дзіма: Я не здзіўлены. Я быў бы здзіўлены, калі б там ляжала 30 мільёнаў беларускіх рублёў. Там, дарэчы, вісіць плакат Саладухі "З павагай, Аляксандр!" Я пісаў заяву, а ён вісіць, глядзіць на мяне. Ён наш кумір. Я б з ім зрабіў фіт.