Ю.Чавусаў: “Белтрансгаз” — не асноўны пункт у віш-лісце Расіі
Сённяшняя сустрэча Лукашэнкі з Пуціным пасяліла ў беларускай эліце пэўнасць: канчатковага абрушэння “беларускай мадэлі” не адбудзецца.
Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказаў палітолаг Юрый Чавусаў. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ўзровень гэтай сустрэчы быў не самым высокім: прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся толькі з прэм’ерам Расіі Ўладзімірам Пуціным, а не з прэзідэнтам. Аднак такая сустрэча дае пэўныя спадзевы на атрыманне нейкіх грошай, якія дадуць магчымасць уратаваць краіну ад спаўзання ва ўсё большы эканамічны хаос.
Ці магло абмяркоўвацца пытанне продажу Расіі “Белтрансгазу”?
“Белтрансгаз” — не асноўны пункт у віш-лісце Расіі, — разважае Юрый Чавусаў. — Ёсць больш прывабныя прадпрыемствы. Гаворка ж ідзе пра тое, што Беларусь увогуле адчыніць сваю эканоміку для Расіі, а не прадасць толькі пэўныя прадпрыемствы”.
Палітолаг таксама мяркуе, што тактыка паводзінаў Расіі ў дачыненні Беларусі пэўным чынам змянілася:
“Мы назіраем, як Расія спрабуе згуляць у тую гульню, у якую раней спрабавала гуляць Еўропа. Бачна, што паміж Еўропай, Расіяй і ЗША дасягнуты кансенсус, якую палітыку весці ў дачыненні Беларусі”.