З купленага за 200 тысяч долараў палаца пад Ляхавічамі зробяць гасцініцу

130218_martin_siadziby.mp3

Не вельмі актыўна беларусы скупляюць палацы, бо тыя далёка знаходзяцца, гавораць у  Мінкульце:

“Фактычна зараз прададзеныя восем. Гэта на якія ўжо дакументы аформленыя. Гэта з 2010 года. Не ўсе ж хочуць далёка ад цэнтру…”.

Палацава-паркавы комплекс "Савейкі" ў Ляхавіцкім раёне сёння ідзе з малатка за 200 тысяч долараў. Як даведвалася Еўрарадыё ад інвестара, тут збіраюцца пабудаваць гасцініцу.

“Хаця б дах ёсць. Шмат сродкаў пройдзе на праекціраванне і на рэканструкцыю. На базе гэтага комплексу створым гасцініцу”, — расказвае прадстаўнік кампаніі “ЛадаГарант” Фёдар Фамін і дадае, што на рэканструкцыю можа пайсці ў дзясятак разоў больш, чым кошт сядзібы.

Аўкцыён прайшоў тыдзень таму, усе дакументы яшчэ не падпісалі, але пра пачатак працы казаць зарана. А вось сядзібу Яленскіх у Клецкім раёне інвестары “Дольчэ аўта” набылі яшчэ ў 2011-м.

Сядзіба Яленскіх у Клецкім раёне

І працы яшчэ не пачаліся, скардзяцца Еўрарадыё ў Клецкім райвыканкаме. Нават раздумваюць, каб забраць сядзібу.

“Паставілі ўжо пытанне, што забярэм яе. Але дырэктар паабяцаў, што гатовыя ўсё будаваць, усё рабіць, як і было запланавана”, — расказваюць у райвыканкаме.

Летась прадстаўнікі “Дольчэ аўта” абяцалі зрабіць тут канюшні, парк і хостэл.

Не запусцілі яшчэ і палаца-паркавы комплекс “Свяцк”, які набыў санаторый “Азёрны” чатыры гады таму. Толькі-толькі зацвердзілі праектную дакументацыю, кажуць у санаторыі. Паводле бізнес-плану скончыць будаўніцтва плануюць у 2017 годзе. Ці паспеюць…

Палаца-паркавы комплекс “Свяцк”


Сядзіба Пузынаў у вёсцы Грамяча ўжо два гады як належыць прадпрыемству “Вэскабэл”. У Камянецкім райвыканкаме кажуць, што рэканструкцыя ідзе, але працуюць толькі чатыры чалавекі.

“Расчышчаюць фасад, стаяць рыштаванні. Там чалавекі чатыры, павольная праца”, — гавораць у райвыканкаме.

Тут спадзяюцца, што хутка замест сядзібы Пузынаў у Грамячы будзе турыстычна-аздараўленчы комплекс.

Сядзіба Пузынаў у вёсцы Грамяча

На 1 фота - Палацава-паркавы комплекс "Савейкі"

Фота: radzima.org, globus.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі