З пачатку года беларусы пабагацелі на 130 долараў
“Больш купляюць рыбу патанней, але бяруць і тунец, і нават чырвоную рыбу”.
З пачатку года сярэдні заробак беларусаў вырас больш як на мільён. У доларах у студзені мы зараблялі каля 330, у ліпені — ужо 470! А да канца года будзем мець 500 прэзідэнцкіх долараў:
“Да канца года мы гарантавана выйдзем на 500 долараў!” — гаворыць Лукашэнка.
Еўрарадыё парадавалася за беларусаў і паспрабавала знайсці прыкметы лепшага жыцця на Камароўскім рынку. Адразу кіруюся да марской рыбы, можам сабе дазволіць!
Тут — як у музеі: кілаграм філе тунца каштуе ад 130 тысяч рублёў. Сёмга трохі танней — ад 75 тысяч рублёў. Прадаўшчыцы ў самоце: пакупнікоў не многа, дзясятак ралетаў увогуле пустуюць. Да кожнага, што завітае ў аддзел, ставяцца вельмі ўважліва.
Прадаўшчыца Таццяна распавядае, што трымаюцца на плаву за кошт пастаянных пакупнікоў.
“Хто 10 гадоў папрацаваў, тыя прадаўцы маюць пакупнікоў — тыя прыходзяць. А так… Бабулькі часта праходзяць, але яны толькі глядзяць, аж шкада становіцца”, — расказвае дзяўчына.
Дарэчы, у ліпені пенсіянеры атрымалі 1,4 мільёна рублёў пенсіі. Са студзеня пенсія вырасла на 460 тысяч рублёў!
Гандлярка Алена гаворыць, што пакупнікі, як і раней, купляюць рыбу, але эканомяць за кошт вагі:
“Больш купляюць рыбу патанней, але бяруць і тунец, і сёмгу, і нават чырвоную рыбу. Рыбкі хочацца ж, але сталі менш браць на вагу. Эканомяць на вазе”, — дзеліцца назіраннямі Алена.
Сама Алена прызнаецца, што яе заробак... знізіўся. Праз тое, што стала менш пакупнікоў.
“У нас на кірмашы заробкі ўпалі — мы ад працэнту атрымліваем, а вось мой муж на будоўлі працуе. Спачатку панізіліся заробкі, але зараз ён мае прыкладна 450-500 долараў. Мы не эканомім на ежы. Але на шмотках — калі ласка, на нечым, без чаго можам абысціся”, — расказвае Алена і дадае, што адкладваць не атрымліваецца.
Адзін з кантралёраў "Камароўкі" прызнаецца, што некалькі дзён перад навучальным годам на рынку былі вельмі глухімі — людзей не было, бо ўсе збіралі дзяцей у школы-ўніверсітэты:
“Зараз трохі ажывіўся рынак, а да гэтага глуха было. Усе грошы аддалі на падрыхтоўку да школы”.
Каля машын са свежымі карпамі таксама не вельмі многа пакупнікоў:
“Рыба падаражэла, пакуль што пакупнікі толькі настройваюцца. Спачатку цана вельмі шакавала. Раней адборны карп каштаваў 24 тысяч рублёў, а зараз 31,5 тысячы! Гэта палохае людзей”, — кажа прадаўшчыца жывых карпаў. А заробкі пад 500 долараў не палохаюць?
Пакупніца Алена, якую сустракаю на рынку, гаворыць, што займаецца праектамі ў будаўніцтве. Яе даход на месяц больш за 500 долараў. Дзяўчына падлічвае, што яе выдаткі на месяц падвысіліся з-за... коштаў. Купляе ўсе, што і раней, але на гэта ідзе больш грошай.
“Зараз я не магу сказаць, што я стала эканоміць, бо мой заробак прывязаны да "ўмоўных", але мае бацькі — бюджэтнікі, ім цяжкавата”.
Яшчэ колькі апытаных Еўрарадыё пакупнікоў. З большага людзі паказваюць на тое, што заробак сапраўды за год вырас — на мільён-паўтара. Але яны ж кажуць, што эканомяць на адзенні. Дабра, што не на ежы.
“Вось крэдыт плацім на будаўніцтва і на мэблю, дзяцей у школу збіралі, далі ім грошай на харчаванне ў школе, сабе на ежу пакінулі", - кажа Марына.
Вось і ўсе 500 долараў.