З поля бою ў твітэр — мінскі блогер вядзе трансляцыі з ваенных збораў
"Гэты твіт напісаны падчас руху, седзячы ў вежы камандна-штабной машыны".
Мікалая, карыстальніка твітэра @beliashou, прама з працы прызвалі ў “партызаны”, на ваенныя зборы. Цяпер ён на ўвесь інтэрнэт транслюе, як беларускае войска рыхтуецца да “буйной аперацыі”.
"У перадапошні дзень збораў будуць маштабныя дзействы. Будуць ісці танкі, прыкрыццё артылерыяй, зеніткі...", — датэлефанаваліся мы да Мікалая, калі ён ідзе ў шыхце з палігона ў казарму і не можа паразмаўляць. Таму звязаліся бліжэй да вячэры.
Мікалай у жыцці працуе сістэмным адміністратарам у IBA, займаецца падтрымкай сервераў хостынгу. На зборы асабліва не рваўся, але было цікава.
"Я атрымоўваў званне на ваеннай кафедры, і, на жаль, у той год у Мінабароны зусім не было грошай. Таму ў нас зборы адбываліся на базе ваеннай кафедры і я армію не бачыў ніводнага дня".
З працы адпусцілі без пытанняў. Зборы ніяк не ўплываюць на адпачынак і заробак — ён захоўваецца, яго прадпрыемству кампенсуе Мінабароны. На зборах кормяць і апранаюць таксама за грошы міністэрства.
"Мяне тут кормяць, спаць укладваюць і ўсё, што трэба, уручаюць. Я ўяўляю, што ў многіх праца можа быць цяжэй за тое, што адбываецца тут. Тут можна не напружвацца ў плане таго, што не трэба думаць. Усё распланавана без нас".
Спачатку ўсе жылі ў казармах, там атрымалі абмундзіраванне, прывялі ў парадак тэхніку. А пасля на палігон...
"Я ўжо згубіў улік часу, 2 ці 3 дні таму мы выехалі на палігон. Тут жывем у армейскіх намётах, у кожным 2 буржуйкі, у нашай 26 ложкаў, якія стаць упрытык, нават праходу паміж імі няма. Падведзена электрычнасць, дзякуючы гэтаму ў мяне яшчэ ёсць інтэрнэт. У казармах ежа была, як у вельмі савецкіх сталоўках, а тут выключна паходная кухня. Тыя самыя кашы з тушанінай і рыбнымі кансервамі, якія я сам бы гатаваў у паходзе. З маім паходным досведам гэта нармальная ежа. Супы, гарбата, сокі, вітамінкі даюць, бутэрброды з салам. Дазіроўкі такія, што на "грамадзянцы" я так не еў".
А 6-й вечара атрад вяртаецца з палігона. Там чысцяць тэхніку пасля стральбы. Цяпер усе рыхтуюцца да ночы.
"Займаемся падрыхтоўкай дроваў на ноч, ад чаго я паспяхова адлыньваю, размаўляючы па тэлефоне. Недзе а 7-й гадзіне дружна пойдзем у сталоўку".
Прызвалі на зборы не толькі афіцэраў, а больш тых, хто служыў тэрмінова. У штаце ёсць пісар, чарцёжнік, медбрат, фельчар. Ёсць повары, якія гатуюць ежу, і інжынеры, якія, напрыклад, праводзілі святло ў намёт, — іх таксама прызвалі з рэзерву. У звычайным жыцці людзі працуюць у розных сферах.
"Нехта менеджарам, тэхнолагам, роскід вялікі. Калі трэба было разабрацца з мясцовым камп’ютарам, у нашым дывізіёне аказалася 3 сісадміны".
Камандуюць усім штатныя афіцэры. Дарэчы, нікому, акрамя іх, нельга пакідаць лагер, таму адлегласць да бліжэйшай крамы тут ніхто не ведае. Часам прыязджае аўтакрама, але алкаголь не прывозіць. Ды і весялосць тут у іншым.
"П'ю і закусваю на дзяжурстве"
"У адным намёце можа быць весела, у іншым сумна. Мне з камандзірамі пашанцавала. Мы навешвалі на сябе аўтаматы, процівагазы і іншае, толькі па неабходнасці. Суседскія ж падраздзяленні, я бачыў, з моманту атрымання з усім гэтым хадзілі. З аўтаматам у сталоўку".
Дзедаўшчыны няма, хаця Мікалай прызнаецца, што трошкі дыктатуры тут не перашкодзіць. Часам людзі не разумеюць, і, як піша ў твітэры: "Учора адчуў неабходнасць дзедаўшчыны: калі чалавек у пяты раз не разумее простай каманды, разумееш, што даць у пысу яго матывуе".
"Тут не вядома, хто паводле рангаў круцей: афіцэры, якія нідзе не былі, ці сяржанты, якія адслужылі 2 гады. Сёння разбіраць аўтамат мяне вучылі выключна салдаты. У паходзе, калі чалавек не змог уліцца ў калектыў, яго наступны раз не бяруць. А арміі хочаш не хочаш, а служыць разам трэба", — тлумачыць Мікалай жарт наконт дзедаўшчыны.
Прызнаецца, што стаў па-іншаму глядзець на жарты наконт войска. Маўляў, гэтыя ўсе байкі вырваныя з кантэксту, у адпаведным асяродку яны выглядаюць цалкам нармальна.