З-за змены клімату ў Беларусі знікнуць елкі?
Ці дачакаемся мы сапраўднай зімы сёлета, невядома… Пра змены ў клімаце і пра тое, якім будзе надвор'е ў Беларусі, Еўрарадыё гутарыла з экспертам яшчэ ўлетку.
Паўтараем размову з галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук Уладзімірам Логінавым.
З-за пацяплення ў Беларусі з'явяцца стэпы?
Што выклікала анамальную спякоту, і ці паўторыцца яна ў бліжэйшыя
гады, як зменіцца надвор'е ў Беларусі, і калі мы станем краінай стэпаў?
На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказаў галоўны навуковы супрацоўнік
Інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук Уладзімір Логінаў.
З чым звязана анамальная спякота, якая ўжо больш за месяц трымаецца ў
Беларусі? Гэта і ёсць глабальнае пацяпленне? Ці штосьці іншае? З-за
чаго гэта адбываецца і чым пагражае?
Уладзімір Логінаў:
Па-першае, нельга адназначна сказаць, што гэта эфект глабальнага
пацяплення. Хоць пераважная колькасць экспертаў хацела б так думаць,
таму што гэта, мабыць, прасцей за ўсё. Прынамсі, лета 1936-га года было
падобным, але тады выкіды парніковых газаў былі яшчэ не такімі
істотнымі, як цяпер. Калі браць далёкую гісторыю, то, вядома, на
тэрыторыі Беларусі нават без антрапагеннай дзейнасці былі выпадкі, калі
назіраліся высокія тэмпературы.
Усё залежыць ад асноўнага цыркуляцыйнага фактару. Ёсць тры тыпы
атмасфернай цыркуляцыі для еўрапейскай тэрыторыі - заходняя, усходняя і
цэнтральная. У асобныя эпохі развітыя розныя формы. Пры ўсходняй форме
цыркуляцыі вышынны грэбень ціску садзіцца дзесьці на мерыдыяне Волга. І
пры гэтым на тэрыторыю Расіі пачынае паступаць цёплае паветра з поўдня.
Фармуецца цёплы летні сезон і засуха. Тая ж форма цыркуляцыі (усходняя)
дае халодную зіму для гэтай жа тэрыторыі.
Заходняя форма
цыркуляцыі абумоўлівае мяккія зімы. Такога тыпу зімы былі характэрныя з
1989 да нашых дзён. Таму калі ўтворыцца форма цыркуляцыі заходняя, то ў
нас цёплыя зімы, але затое лета, як правіла, бывае дажджлівым і зусім не
гарачым.
Значыць такая спякота цяпер — не следства глабальнага пацяплення?
Я
б не хацеў, каб слухачы падумалі, што я катэгарычна супраць факту
ўплыву парніковых газаў на атмасферу. Тое, што гэты фактар працуе бачна
па тэмпературы апошніх трох дзясяткаў гадоў. Сярэдняя тэмпература за год
на нашай тэрыторыі ўзрасла больш чым на 1 градус. Тэмпература зімой
стала вышэйшай на некалькі градусаў, чым гэта было ў 1960-70 гады.
Летнія сезоны таксама сталі цяплейшымі.
Тлумачэнне сучаснага пацяплення — не простае.
Гэта
сістэма мнагафактарная. Маецца мноства фактараў, якія вызначаюць змену
тэмпературы і ападкаў. Гэта не толькі парніковыя газы. Калі б гэта былі
парніковыя газы, то чым тады растлумачыць пацяпленне ў 1930-я гады, калі
Арктыка была цёплай? Гэта знакамітае пацяпленне Арктыкі, калі не самыя
лепшыя па магутнасці суды праходзілі паўночны марскі шлях за адну
навігацыю.
Гэтак жа, як калі браць летнія сезоны з 1936-га па
1940-ы год — гэта пяцігоддзе было вельмі цёплым. Яно практычна не
саступала, а можа быць нават было і вышэй па тэмпературы, чым любое
іншае пяцігоддзе, нават апошнія. Хоць тыя пацяпленні нельга патлумачыць
парніковымі газамі, таму што выкіды парніковых газаў асабліва інтэнсіўна
сталі павялічвацца дзесьці пасля 1940-х гадоў.
Якія асноўныя тэндэнцыі ў змене клімату назіраюцца цяпер у свеце?
Калі
казаць пра глабальны клімат, то тэмпература за апошнія паўтара
стагоддзя вырасла прыкладна на 0,7 градусу. Больш тэмпература вырасла ў
высокіх шыротах. Напрыклад, у Сібіры ідзе вельмі інтэнсіўнае пацяпленне
клімату.
У цэлым, сапраўды, за перыяд інструментальных назіранняў
мае месца рост тэмпературы. Гэта факт, які ўжо ніхто не адмаўляе. Іншая
справа, што ў розных раёнах гэты рост можа быць розным ці адсутнічаць
наогул. Вось цяпер, калі мы знемагаем ад спякоты, паўднёвая Амерыка
замярзала. І такіх суровых зім (там цяпер зіма) даўно там не было. Таму
нельга сказаць, што пад адным знакам на ўсім зямным шары гэта ўсё
адбываецца.
Тое ж самае і ў Беларусі. Пагледзіце, што адбылося —
утварылася паласа раздзелу, калі заходняя частка зусім не знемагае ад
спякоты — нічога страшнага ні ў Брэсце, ні ў Гродне няма. А калі браць
Віцебск, Магілёў, Гомель - там зусім іншая сітуацыя. Гэта кажа пра тое,
што антыцыклон, які "сеў" на працяглы час над еўрапейскай тэрыторыяй
Расіі, сваёй заходняй часткай захоплівае ўсход Беларусі, але не закранае
захад. Таму там як раз такой страшнай засухі, як на ўсходзе нашай
краіны, няма.
Засушлівых гадоў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, было вельмі шмат
Засуха
ўзнікае, таму што "садзіцца" антыцыклон і на працягу тыдня — двух, а
часам і больш сядзіць на адным і тым жа месцы, падсілкоўваецца энергіяй і
працягвае сядзець. Калі б ён пачаў рухацца, то ясна, што такога, як
цяпер у Расіі не было б.
Штосьці падобнае было ў 1972-м годзе. Я
памятаю той перыяд, калі гарэлі тарфянікі, калі было вельмі гарачае
лета. І наогул, калі паглядзець тыя гады, то засушлівых гадоў на
тэрыторыі былога Савецкага саюза, было вельмі многа. Гэта адзін з
фактараў, які моцна падарваў эканоміку.
Калі былі самыя буйныя засухі на нашай тэрыторыі?
1972-ы
год, 1975-ы, 1981, 1984, 1986… За гэты невялікі перыяд было некалькі
буйных засух, калі зборы збожжа моцна памяншаліся. У літаратуры
згадваецца так званы цыкл Брыкнера — гэта 30-гадовы цыкл змены
засушлівасці.
І сапраўды, калі паглядзець на тое, што ж
адбывалася, то мы бачым, што досыць многа магутных, суровых засух было
дзесьці ў канцы XIX стагоддзя — 1891-92 гг. Затым былі знакамітыя засухі
1920-х гг., калі быў голад у Расіі, ва Ўкраіне, калі краіны неслі
велізарныя страты. Затым — 1950-55 год, затым - 1970-я гг. Гэта значыць,
атрымліваецца, што дзесьці праз 25-30 гадоў ідуць такія хвалі
засушлівасці. І ў апошні час шэраг аўтараў сцвярджае, што засушлівасць
узрастае.
Такая цыклічнасць — дадатковы аргумент на карысць таго,
што жару нельга патлумачыць толькі парніковымі газамі. Парніковыя газы
ні пры чым, іх утрыманне ўвесь час павялічваецца, а тут жа ідуць цыклы.
І цяпер у нас як раз перыяд чарговай засухі?
Так,
можа быць, пачынаецца чарговая эпоха Брыкнераўскага цыклу. Тут нельга
казаць пра нейкі строгі перыяд. Калі б гэта быў перыяд, то праблемы
прадказання не было б ніякі. Са школы ўсё ведаюць, што такое сінусоіда,
але, на жаль, у прыродзе сінусоід няма. У гэтым як раз складанасць
прадказання. Таму мы кажам пра цыклічнасць, але выкарыстоўваць яе ў
прагнозах на доўгія тэрміны не вось так проста.
Калі б у кагосьці
атрымалася знайсці такую мадулюючую функцыю, то тады, напэўна, можна
было б выкарыстоўваць цыклічную прыроду для прадказання засух на
10-20-30 гадоў…
Гэта значыць прагназаваць цяпер, якім будзе клімат на тэрыторыі Беларусі праз 10 гадоў — складана?
Складана.
Калі зыходзіць з уплыву парніковых газаў — прасцей. Тут станоўчы трэнд.
Дзесьці за 10 гадоў павінна адбыцца павелічэнне сярэднегадовай
тэмпературы на некалькі дзясятых градусаў — 0,2-0,3.
Але можна
прадставіць і іншую сітуацыю. Калі дзесьці на планеце адбудзецца
некалькі буйных вулканічных вывяржэнняў. Аэразолі вулканічнага
паходжання натуральна паменшаць рост гэтай тэмпературы. Але прадказаць —
дзе, калі будуць вывяргацца гэтыя вулканы, якая будзе іх магутнасць, і
самае галоўнае - ці выкінуць яны аэразолі ў стратасферу — немагчыма.
Чым спецыфічны клімат у Беларусі? Ці ёсць нейкія асаблівасці?
Кліматычная
сістэма — адзіная. Вядома, Беларусь знаходзіцца ў сярэдніх шыротах.
Клімат умерана-кантынентальны, гэта звязана з геаграфічным становішчам.
Беларусь не мае высокіх гор — гэта таксама накладвае значаны адбітак на
наш клімат. Але сказаць, што Беларусь істотна адрозніваецца па наяўнасці
тых фактараў, якія ўплываюць на клімат — нельга. Адзіны фактар, які
можна згадаць — гэта меліярацыя. Буйная меліярацыя ў значнай меры
паўплывала на рэгіянальны клімат Беларусі.
Ацэнкі паказваюць, што
змена тэмпературы пад уплывам меліярацыі складаюць некалькі дзясяткаў
градусаў. Але гэта хутчэй рэгіянальная, а не глабальная асаблівасць.
Цяпер
такая сітуацыя, што ў адной частцы Беларусі экстрэмальная спякота, а ў
іншай — звычайна, гэта значыць краіна падзялілася на 2 часткі. Гэта
таксама асаблівасць?
Гэта толькі асаблівасці цыркуляцыі ў
дадзены момант. Цяпер так склалася, што частка прайшла па цэнтры
Беларусі. Мінск — у цэнтры. І вы заўважаеце, што часам Мінск чымсьці
падобны на Гродна і Брэст. А часам у Мінску амаль такая ж тэмпература,
як у Магілёве, Віцебску, Гомелі. Гэта не цвёрдая мяжа. Наогул, у
атмасферы няма выразных строгіх межаў кшталту жалезабетоннага мура.
На Беларусь насоўваецца стэп
Калі
ў нейкі момант наш клімат стане блізкім да трапічнага, то будзе шмат
навальніц і ліўняў і г.д. У апошнія гады часам бывае, што ў нас высокая
тэмпература і высокая вільготнасць, і абсалютна няма чым дыхаць. Гэта
сітуацыя характэрная для тропікаў.
Цяпер кажуць, што калі і далей будзе так горача, то Беларусь можа стаць стэпам?
Цяпер
ідзе наступ стэпаў, і сапраўды некаторыя стэпавыя раслінныя супольнасці
ужо выяўляюцца на нашай тэрыторыі. Гэта звязана з тым, што павышэнне
тэмпературы на 1 градус адпавядае руху кліматычнай зоны дзесьці на 150
кіламетраў. Таму ясна, што калі ў нас сярэднегадавая тэмпература
павялічылася на 1 градус, то на 150 кіламетраў па мерыдыяне стэп пайшоў
на поўнач, вось з-за гэтага ў нас на Палессі ўжо з'яўляюцца раслінныя
супольнасці, характэрныя для стэпу.
Калі пацяпленне будзе ісці і
далей гэтак жа як цяпер ці больш інтэнсіўна, то ў нас узнікнуць праблемы
для елкі. Гэта рэч даволі сур'ёзная. Раслінныя супольнасці выразна
рэагуюць на змены клімату.
І калі стэп цалкам пакрые тэрыторыю Беларусі?
Гэта
можа здарыцца, але будзе зусім не хутка. Нават калі выказаць здагадку,
што тэндэнцыі захаваюцца, то гаворка тут можа ісці пра сотні гадоў.
У якой краіне, з пункту гледжання клімату, цяпер лепш за ўсё жыць чалавеку?
Вядома,
што самыя спрыяльныя ўмовы па тэмпературы - дзесьці ў інтэрвале ад 20
да 25 градусаў. Але тэмпература - гэта толькі адзін фактар. Калі ў вас
высокая вільготнасць - гэта не лепшы варыянт, калі высокая хуткасць
ветру - таксама. Таму тут трэба разглядаць метэаралагічныя комплексы. У
гэтым комплексе павінна быць абавязкова тэмпература, ападкі,
вільготнасць, хуткасць ветра і г.д.
У Беларусі клімат звычайны
для жыцця чалавека. У нас няма суровых зім, вялікіх вятроў,
сярэднегадовая хуткасць - каля 3 метраў у секунду. Таму я б сказаў, што ў
Беларусі не такі ўжо дрэнны клімат для дадзенай шыротнай зоны.
І напрыканцы, скажыце, калі ласка, што трэба рабіць, як змагацца з такой анамальнай спякотай у Беларусі?
Змены
клімату - гэта глабальны працэс. І калі нават вы ў Беларусі прымеце
архі сур'ёзныя меры па барацьбе з пацяпленнем клімату, клімат гэтага
абсалютна не адчуе. Калі казаць пра тыя ж парніковыя газы, Беларусь
выкідвае ў атмасферу парадку некалькіх дзясятых адсоткаў ад выкідаў
парніковых газаў у свеце. Каля чвэрці - гэта Кітай і ЗША, дзве краіны,
якія выкідваюць цяпер больш за ўсіх. Таму, вядома, калі змагацца з
пацяпленнем шляхам памяншэння выкідаў парніковых газаў, то нашы крокі
для глабальнага клімату мала што дадуць.
Чалавецтва хоча, быць ўладаром прыроды, але пакуль што яно пераацэньвае свае магчымасці.