За адну ноч музыкі сабралі 27 мільёнаў. І ўсе аддалі дзецям

Рэалізатар ідэі дабрачыннага канцэрту “Дапамажы дзецям разам з намі”, які прайшоў у “Рэактары” напярэдадні травеньскіх выходных, Лёша Тарасевіч — музыка і да таго ж выхавальнік у Навінках. Ён працуе з дзеткамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, штогод возіць іх за спонсарскія грошы на адпачынак у летнія лагеры, але ў гэтым годзе з-за крызісу ўсе спонсары адваліліся, і прыйшлося нешта думаць, каб не расчароўваць дзяцей.

Лёша Тарасевіч: “Насамрэч ідэя валанцёраў з клуба “Милосердие”. Яны неяк сказалі: “Ну ты ж музыкант! Ну-ка, давай-ка!”

І Лёша падумаў: “Ну я ж музыкант! Чаму б і не”.

Да ўдзелу ў дабрачынным канцэрце Лёша прыцягнуў сяброў-музыкаў (калектывы ў якіх грае сам — “Аддис Абеба”, “Петля Пристрастия”), а таксама гурты, якімі займаецца “Bo Promo” (“Серебряная Свадьба”, “Кассиопея”, “PortMone”, “Нагуаль”).

Атрымаўся такі дабрачынны варыянт фестываля “Можно!”. За адзіным выключэннем — людзей на ім было больш.

“Мне падаецца, што нотка дабрачыннасці сыграла сваю ролю, — патлумачыў Еўрарадыё Лёша і агучыў першыя лічбы, — 15 мільёнаў беларускіх рублёў сабралі” (пасля канцэрту лічба павялічылася да 27 мільёнаў — удакл. Еўрарадыё). 

Гэта пакуль “туманная лічба”. Частка грошай асядзе у “Рэактары”, бо гукавікі, светлавікі, ахова працуюць па кантракце і дабрачынна на працу не выходзяць. Затое вольныя беларускія музыкі з задавальненнем адыгралі без ганарару і нават не лічаць сябе героямі.

Беня з “Серебряной Свадьбы”: “Насамрэч рэальна тут дапамаглі гледачы, якія прыйшлі і ўклалі свае грошы. А музыкі проста сыгралі, яны любяць гэта рабіць”.

Кеша з “Botanic Project” разглядзеў дадзены канцэрт  як магчымасць стаць лепшым: “Мы заўсёды за — падчысціць сваю карму”.

А наведвальнікі, калі шчыра, часамі пра дабрачыннаць і не ўспаміналі. На пытанне Еўрарадыё “дзеля чаго вы сюды прыйшлі?”, у першую чаргу пачыналі адказ з назваў любімых гуртоў.

Наста з сябрамі: “Прыйшлі на “Петлю Пристрастия” ў першую чаргу! Яшчэ на “Кассиопею”, “Нагуаль”, “Серебряную Свадьбу” ну і гэтак далей. І жыўцом на Папу Бо паглядзець!”

І рэдкі чалавек казаў: “Выключна дзеля дзетак прыйшоў. Набыў квіток за 35 тысячаў”.


Яшчэ на канцэрце прадавалі алкаголь (які, праўда, як заўсёды, скончыўся ў “Рэактары” яшчэ да сярэдзіны ночы), і тыя, хто паспеў “накідацца”, часам падалі то тут, то там, то на скрынкі сабраных для дзяцей цацак. Але Еўрарадыё патлумачылі, што гэта — цалкам нармальна.

Беня з “Серебряной Свадьбы”: “Шчодрасць і алкаголь — браты-блізняты. Я лічу, што трэба наўмысна падпайваць усіх, выкачваць з іх грошы і раздаваць тым, каму яны патрэбныя!”. 


 Тым не менш, сабраць грошы з пераважна маладых наведвальнікаў аказалася не так проста. Вядоўцы — Шэф і Маліноўскі — паспрабавалі ўчыніць дабрачынны аукцыён.

Наведвальніца Наста: “Вядоўцы выйшлі і прапанавалі набыць дрэва, зробленае дзіцячымі рукамі. На пытанне хто за яго колькі дасць — зала адказала цішынёй. Калі яны сказалі, што “давайце за 30 тысячаў, хто больш?” — таксама была цішыня. Адзіны, хто падняў руку, быў фатограф Таранціна. Яму гэтае дрэва і прадалі”.


Але ўжо таго, што людзі прыйшлі па квітках і ў вялікай колькасці, цалкам хопіць на паўнавартасны адпачынак 25—30 дзетак з Навінак. Арганізатар Лёша кажа, што гэта будзе летні лагер непадалёк ад горада Ракаў.

Ну а тых, хто не верыць, што грошы сапраўды дойдуць да дзяцей, Лёша запэўніў у адваротным.

Лёша Тарасевіч: “Я б не рабіў усяго гэтага, калі б у мяне не было сапраўднага жадання дапамагчы. Так што я “адказваю”, што ўсе да рубля грошы на днях будуць пераведзены на спецыяныльны рахунак дзецям”.

Фота: Павел Бакшэеў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі