За гадзіну дажджу Гомель ператварыўся ў Венецыю (фота)
Пасля 30-градуснай спёкі ў абласны цэнтр прыйшла грандыёзная залева.
Амаль за шэсцьдзясят хвілін цэнтральныя вуліцы горада, якія знаходзяцца ў нізіне літаральна сышлі пад ваду. Найбольш дасталася вуліцам Інтэрнацыянальнай, Савецкай, Карповіча ды вуліцам у раёне чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў. Напрыклад, на вуліцы Інтэрнацыянальнай, якая звязвае з цэнтрам два буйныя раёны горада, увесь грамадскі транспарт, апроч маршрутак, проста спыніўся. А маршруткі разам з іншымі кіроўцамі шукалі аб’езныя шляхі. Праўда, і там вады было не менш.
Дарэчы, на сёння ў Гомелі сіноптыкі абяцалі толькі невялікія і кароткачасовыя дажджы. Тым не менш Ёўрарадыё стала сведкам таго, як некалькі аўтамабіляў выратавальнікаў спяшаліся ў цэнтр з гумавымі чоўнамі.