За канцэрт Кустурыцы дагэтуль не вярнулі грошы
Ці можна вярнуць грошы за канцэрт, арганізатары якога абанкруціліся, высвятляла Еўрарадыё.
У офіс Еўрарадыё звярнуўся чалавек, які не змог атрымаць назад свае грошы за квіток на канцэрт "No Smoking Orchestra" Эміра Кустурыцы. Канцэрт перад самым пачаткам быў перанесены з заяўленай пляцоўкі ў Палацы спорту ў невялікую залу д/к МАЗ.
Даніэль: "Калі я набываў квіткі, то сыходзіў з таго, што можна танчыць на танцполе ў Палацы спорту. А арганізатары пасля перакінулі канцэрт ў д/к МАЗ, дзе ты проста сядзіш. А яшчэ канцэрт ладзіўся ў іншы час, на гадзіну пазней, што мне таксама не падыходзіла. То бок, і час, і месца яны змянілі, і я хацеў здаць квіткі яшчэ да пачатку канцэрта".
Квіткі каштавалі па 110 тысяч кожны. Калі Даніэль паспрабаваў здаць іх да пачатку канцэрта, яго папрасілі звярнуцца на наступны дзень - і не будзе праблем.
Даніэль: "Мілая дама, арганізатар, мне сказала: "Сёння мы, вядома ж, вельмі занятыя. Пад’язджайце заўтра і здадзіце квіткі". Што я і збіраўся зрабіць".
На наступны дзень, па словах небаракі, тэлефоны агенцтва былі адключаныя, а іх офіс быў зачынены.
"То бок, яны літаральна "змыліся". – працягвае Даніэль - Я ўжо не памятаю, колькі, дзён прайшло. Пакуль, як яны сказалі, не скончыўся тэрмін, калі афіцыйна па беларускім заканадаўстве можна было здаваць гэтыя квіткі. Карацей кажучы, яны схаваліся і з’явіліся толькі тады, калі гэты тэрмін скончыўся. І вось пасля яны сказалі: "Натуральна, што зараз квіткі мы не прымаем. Вам трэба было своечасова звяртацца".
Еўрарадыё звярнулася да арганізатараў канцэрта за тлумачэннем. Як распавёў кіраўнік агенцтва Кірыл, офіс кампаніі быў зачынены толькі на наступны дзень пасля канцэрту. А пасля цягам тыдня кампанія прымала заяўкі на зварот грошай.
Кірыл: "На наступны дзень пасля канцэрту, так, у офісе нікога не было, таму што супрацоўнікаў насамрэч было мала, і трэба было адпраўляць гурт, пакарміць іх, пасадзіць на самалёт. А праз дзень пасля канцэрту, з 9 да 18 гадзін увесь час супрацоўнік знаходзіўся ў офісе і прымаў заявы. Ва ўсе гэтыя дні былі напісаныя заявы, амаль на кожную дату ёсць. І цягам тыдня яны прымаліся.
Са словаў Кірыла, агенцтва прыняло заяваў прыкладна на 11 мільёнаў рублёў, што ў сярэднім складае кошт каля 90 квіткоў.
Кірыл: "Усе, хто хацеў атрымаць – усе прыйшлі і атрымалі. Калі чалавек па нейкіх прычынах раней не змог прыйсці ці забыў, што можна забраць білет – ну, выбачайце. Цягам двух тыдняў людзі атрымалі грошы - усе, хто хацеў".
Але, як патлумачылі Еўрарадыё ў Мінскім таварыстве аховы правоў спажыўцоў, ніякіх тэрмінаў для зваротаў квіткоў не існуе.
"Калі канцэрт пераносіцца па ініцыятыве арганізатара, калі чалавека не задавальняе час, на які канцэрт перанесены, то ён мае права звярнуцца ў касу і атрымаць назад свае грошы. Я не памятаю, каб былі нейкія тэрміны, пасля якіх грошы не вяртаюць".
Мінскае таварыства аховы правоў спажыўцоў раіць адразу звяртацца ў суд:
"Няхай звяртаецца да арганізатараў з пісьмовай прэтэнзіяй. Калі яны не здаволяць гэтую прэтэнзію, узнікае права звяртацца з іскам у суд. Тады чалавек атрымае і грошы за канцэрт, і за маральную шкоду".
На гэтую слушную заўвагу канцэртнае агенцтва спасылаецца на.. банкруцтва.
Кірыл: "Таму што фірма знаходзіцца ў працэдуры ліквідацыі і банкруцтва. На жаль, гэтыя канцэрты былі настолькі стратнымі для нас, што мы не зможам разлічыцца з усімі. Людзей максімальна мы разлічылі, можа быць, нехта спазніўся. Але ўсё, што змаглі заплаціць, мы заплацілі ўсім. Яшчэ засталіся вінныя прадпрыемствам і арганізацыям, таму будзе банкруцтва".
Як патлумачыла Еўрарадыё начальнік юрыдычнага аддзелу Мінкульта Алена Вештарт, усе гэтыя пытанні ў Беларусі рэгулююцца Ўказам Прэзідэнта №542 аб Правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Таму Даніэлю варта адразу звяртацца ў суд.
Алена Вештарт: "У выпадку змены месца правядзення мерапрыемства, квіткі павінны прыняць у любым выпадку. Зразумела, калі ў кішэні няма грошай, я не магу іх вярнуць, але, тым не менш, ёсць спосабы абароны сваіх правоў, правільна? Таму перш за ўсё неабходна звяртацца ў суд. І ў любым выпадку, нават калі фірма афіцыйна будзе прызнана банкрутам, там таксама існуе працэдура банкруцтва і здавальнення прэтэнзій крэдытораў".
Еўрарадыё будзе сачыць за тым, ці зможа Даніэль вярнуць грошы за квіткі.