За ранак адна брыгада кантралёраў штрафуе 15 студэнтаў-“зайцаў”
Навучэнцы па звычцы паказваюць студэнцкі білет, каб не штрафавалі.
У 19-м аўтобусе на другі дзень вучобы зранку заўважаю курсантку Акадэміі МУС. Кандуктарка правярае квіткі ва ўсіх вакол, але да курсанткі не даходзіць, пачынае сварку ў канцы салона. Пасля гаворыць, што з курсантамі праблем няма — плацяць.
“Тыя, хто жыве ў інтэрнаце, у іх мала ў каго праязныя. Яны аплачваюць. А хто жыве дома — звычайна з праязнымі. У нас шмат студэнтаў тут”, — дзеліцца кандуктарка.
І дадае, што яе дачка — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры — сама часта трапляе на рэвізораў і просіць маці набыць праязны.
У курсанткі Акадэміі МУС, якую сустракаю ля прыпынку, праязны на метро на дэкаду за 21 тысячу рублёў. Набыла сама, бо “ў роднай альма-матэр з праездам не дапамагаюць”.
Ездзіць толькі на метро. У Акадэміі МУС Еўрарадыё запэўніваюць: студэнты праезд аплачваюць самі.
Па дарозе з студэнцкай вёскі, што на праспекце Дзяржынскага, у тралейбус сядаюць трое студэнтак. З талончыкамі. Юля з юрыдычнага факультэта БДУ ў студэнцкай вёсцы жыве часова. Таму праязны не набывае.
Раптам заходзяць рэвізоры. Тры студэнткі каля выхаду адразу паказваюць талончыкі. Ад самага ранку да 11 гадзіны кантралёры штрафуюць 15 студэнтаў, расказвае рэвізор. Няслаба!
“Цяпер студэнты пайшлі. За сёння шмат студэнтаў аштрафавалі, чалавек 15. А яны студэнцкі паказваюць, бо некаторыя не ведалі, што адмянілі бясплатны праезд, некаторыя не паспелі праязны набыць”, — кажа кантралёр.
“Цяпер студэнты пайшлі. За сёння шмат студэнтаў аштрафавалі, чалавек 15. А яны студэнцкі паказваюць, бо некаторыя не ведалі, што адмянілі бясплатны праезд, некаторыя не паспелі праязны набыць”.
На прыпынку сустракаю студэнта БДУ Змітра, якога ўжо штрафанулі два (!) разы. І гэта толькі трэці дзень з пачатку заняткаў.
Зміцер: “Я ўжо два разы паспеў заплаціць штраф. У суботу ўпершыню заплаціў. Спазняўся, не паспеў набыць квіток, да кіроўцы таксама не падышоў. На вакзале зайшлі рэвізоры і… давялося заплаціць штраф”.
Штраф у 20 тысяч рублёў — гэта паўнавартасны абед у студэнцкай сталоўцы, яшчэ і з кампотам.
У “Агенцтве Мінсктранс” упэўніваюць, што адмысловых аблаў на студэнтаў-зайцаў не чыняць. Тыя і так ездзяць па ўсім горадзе.
Супрацоўніца "Агенцтва Мінсктранс": “Студэнты паўсюдна. Вызначыць чыста студэнцкі маршрут складана. Там, дзе студэнцкі гарадок, там і Малінаўка. Студэнты толькі прыехалі”.
Але адкуль тады рэвізоры па дарозе са студэнцкай вёскі і чаму столькі штрафаў за некалькі гадзін?..
Адзін праязны на два віды транспарту цяпер каштуе 82 тысячы рублёў на месяц. А гэта — сёмая частка стыпендыі студэнта БНТУ.
Адзін праязны на два віды транспарту цяпер каштуе 82 тысячы рублёў на месяц. А гэта — сёмая частка стыпендыі студэнта БНТУ. Праязны на адзін від транспарту каштуе 61 тысячу рублёў, а на чатыры 111 тысяч.
Фота: kp.ru