Захапленні новых кіраўнікоў спорту: аматарскі хакей, гашэнне пажараў, лыжы

Новы міністр спорту Аляксандр Шамко быў выратавальнікам — намеснікам міністра па надзвычайных сітуацыях. Дадаткова ён працаваў намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі пажарна-выратавальнага спорту. Апошні факт і даў падставы прэзідэнту прызначыць афіцэра МНС міністрам спорту. Хоць гэты від спорту, нягледзячы на поспехі беларускай зборнай, не ўваходзіць у Алімпійскую праграму.

Фота kii.gov.by

Цікавімся ў выканаўчага дырэктара Федэрацыі пажарна-выратавальнага спорту Маргарыты Андрыенкі, ці часта прэса ўзгадвала Аляксандра Шамко ў сувязі з поспехамі зборнай.

Маргарыта Андрыенка: “Гэта намеснік міністра, які курыраваў спорт у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. І яго прозвішча ў паведамленнях пра поспехі зборнай Беларусі я звычайна нідзе не чула. Але з-за таго, што ён курыраваў наш спорт у МНС, нам зараз сталі тэлефанаваць і цікавіцца”.

Пытаемся, ці займаўся Аляксандр Шамко нейкімі відамі спорту, апроч стандартнай ваеннай фізічнай падрыхтоўкі.

Маргарыта Андрыенка: “Любы работнік падраздзяленняў МНС мае дачыненне да пажарна-выратавальнага спорту. Ён уключае ў сябе элементы, якія выкарыстоўваюцца пры гашэнні пажараў. Спорту ў гэтым годзе спаўняецца 75 гадоў”.

Прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі наконт спартыўных здольнасцяў былога боса дадае:

“У “Мінскай лыжні” на сваіх этапах ён заўжды добра выступаў”.

Новы першы віцэ-прэзідэнт НАК Аляксандр Рачкоўскі (звольнены не так даўно з пасады старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта) гуляў у хакей. Яго каманда “Рубеж” не раз займала першыя месцы ў аматарскай лізе. За гонар гэтага ж калектыву змагаліся, напрыклад, сыны прэзідэнта і некаторыя экс-гульцы нацыянальнай зборнай. Таксама Рачкоўскі ўзначальваў Федэрацыю паруснага спорту.

Прызначэнне Рачкоўскага. Фота БелТА

“Ён увогуле займаўся хакеем. І гуляў вельмі добра, і зараз, магчыма, гуляе, калі ёсць час, — кажа старшы трэнер федэрацыі Генадзь Запольскі-Доўнар.Парусным спортам ён зацікавіўся, калі пераабіраўся старшыня федэрацыі ў лістападзе 2008 года. Мы яго звазілі на адну з міжнародных рэгат. Ён паганяўся ў яхце ў якасці шкотавага. І захапіўся гэтай справай”.

На думку трэнера, Аляксандр Рачкоўскі адразу ж граматна і з энтузіязмам падышоў да развіцця даверанага яму спорту. І не стаў гнацца за імгненным вынікам.

Генадзь Запольскі-Доўнар: “Ён адразу зразумеў, што патрэбна для развіцця паруснага спорту. То бок гэта ўкладанне фінансаў і сілаў у аснову, базіс — у дзяцей. Каб у нас было падмацаванне да Гульняў 2016 года і далей”.

Новы дарадца прэзідэнта па пытаннях спорту Максім Рыжанкоў (сын першага міністра спорту РБ) сам паведаміў агенцтву “БелТА”, што ад спорту раней быў далёкі:

“Вельмі нечаканая для мяне прапанова. Разглядаю яе як знак высокага даверу з боку кіраўніка краіны, а для сябе асабіста — як вельмі сур’ёзны жыццёвы выклік. Што тычыцца роду маіх заняткаў, то я — прафесійны дыпламат. Больш за 18 гадоў працаваў у сістэме дыпламатычнай службы”.

Максім Рыжанкоў. Фота БелТА

Усе трое новапрызначаных чыноўнікаў аказаліся не блізкімі да прафесійнага спорту людзьмі. Вынік гэтага эксперыменту выглядае яшчэ больш востра, бо час выбралі неадназначны: нядаўна здарыўся правал на Алімпіядзе. І, як вядома, невыкананне медальнага плану спісалі ў тым ліку на непрафесіяналізм некаторых чыноўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі