Затрыманы падчас акцыі: Сябры і аднакурснікі сабралі грошы на штраф

Максім Чарняўскі быў затрыманы ў сераду ў Мінску падчас акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі".

Еўрарадыё: Табе прысудзілі штраф. Ты распавядаў раней Еўрарадыё, што твае сябры пачалі збор грошай на аплату штрафу. Ці сабралі?
Чарняўскі: “Мае сябры, мае аднакурснікі з журфака ў той жа дзень, калі мяне затрымалі, пачалі збор сродкаў. І ў першы ж дзень, калі я сядзеў на Акрэсціна, мяне судзілі, сабралі большую частку патрэбнай сумы – недзе 600 тысячаў. Сёння ўжо было сабрана 800 тысяч і яшчэ адзін хлапец з Нямеччыны даслаў нам 200 еўра, гэта атрымліваецца каля паўтара мільёна. Мой штраф паркрыты цалкам. Таксама пакрыты штраф Андрэя Ткачова. І часткова, тое, што застаецца, мы пералічаем братам Дварэцкім, якім кожнаму далі па 25 базавых”.
Еўрарадыё: Які табе далі штраф?
Чарняўскі: “Мне далі 30 базавых”.
Еўрарадыё: Можа ведаеш, ці камусьці, акрамя цябе, так збіралі грошы?
Чарняўскі: “Ведаю, што існуюць электронныя рахункі, дзе займаюцца зборам сродкаў для ўсіх аштрафаваных. А так, што менавіта сябры ўзяліся за збор сродкаў, я не ведаю”.
Еўрараджыё: Чыталі твой блог. Ты пісаў пра ўражанне, што людзей з даўгімі валасамі затрымлівалі больш ахвотна?
Чарняўскі: “Так, насамрэч. Бо калі нас затрымлівалі, хлопец, які сядзеў у аўтобусе, Андрэй Ткачоў, сказаў, што яны ўбачылі нас і сказалі: “О! Бярэм патлатых”. Таксама, калі я сядзеў у аўтобусе, яны пабачылі лысага хлапца з барадой, пры гэтым яны сказалі не “бярэм лысага з барадой”, а яны сказалі: “Бярэм лысага-валасатага”.
Еўрарадыё: Чаму, на тваю думку, “адбіралі” па такім прынцыпе?
Чарняўскі: “Думаю, што АМОНаўцы, міліцыя яны нешта накшталт радні гопнікам: не любяць нейкіх нестандартных людзей. Яны самі ўсе падобныя: ў чорнай форме, здаровыя, з аднолькавымі тварамі – не адрозніць”.
Еўрарадыё: А ў цябе якая прычоска, іракез?
Чарняўскі: “Так. У мяне выгаленыя валасы на скронях і пасярэдзіне валасы”.
Еўрарадыё: Цябе судзілі за лаянку матам. Ці ты сапраўды мацюкаўся?
Чарняўскі: “Не. Я не лаяўся матам. Я толькі ўцякаў ад амонаўцаў. І калі я зразумеў, што не збягу, то я стаў на месцы і сказаў, што я стаю — мяне адразу павалілі і ўдарылі ў скронь”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі