Жанчыне нельга кіраваць міжгароднім аўтобусам і забіваць жывёлу
Бо на гэтых работах забаронена прымяняць жаночую працу.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны не могуць адназначна адказаць, ці можна працаваць з інваліднасцю.
“Ніхто на гэтае пытанне адназначна не адкажа. І першая група можа быць па пэўных функцыях працуючай, і другая, і трэцяя. Але няма такога, каб першая група была цалкам не працуючай. Гэта ўсё прымяняльна да кожнага выпадку”, — тлумачаць Еўрарадыё ў міністэрстве.
Ёсць таксама абмежаванні для жанчын і непаўналетніх: цяжкія ўмовы працы.
“Гэта абумоўлена фізіялогіяй”, — працягваюць у міністэрстве. Паводле закону, жанчына не можа працаваць, у прыватнасці, кавалём, арматуршчыцай, бетоншчыцай, вадзіць міжгародні аўтобус больш чым на 14 месцаў, працаваць забойшчыцай жывёлы і рассякальніцай туш.
Ёсць кампаніі, якія самі шукаюць сабе на працу людзей з інваліднасцю. Каб мець зніжкі перад дзяржавай. У кадравым агенцтве “Коллекция открытий” прыгадваюць адзін такі выпадак.
“У некаторых арганізацый ёсць пэўныя прэферэнцыі. Калі ў іх штаце працуюць людзі з інваліднасцю, яны атрымоўваюць зніжку па падатках. Таму была такая замова на спецыялістаў з інваліднасцю. Некалькі такіх, чалавек пяць. Але гэта адзіны выпадак за 15 гадоў, пакуль я працую ў агенцтве”, — расказваюць у “Коллекции открытий”.
І дадаюць, што падлеткі ў 14 гадоў у агенцтва не звяртаюцца. Ідуць з 19, але і ім складана, бо ў 90% наймальнікаў патрабаванне — вышэйшая адукацыя.
Складана ўладкаваць студэнтаў пасля ўніверсітэтаў без досведу працы, адразу кажуць у кадравым агенцтве “Квадрат”. Тут прыгадваюць двух чалавек з інваліднасцю, якія звярталіся ў агенцтва.
“Адзін чалавек уладкаваўся, але прапрацаваў толькі месяц, не змог. Да нас звяртаюцца працадаўцы, яны хочуць дасведчаных спецыялістаў, за якіх яны гатовыя нам заплаціць. І за людзей без вопыту, праз кадравае агенцтва, за такіх супрацоўнікаў яны не будуць плаціць”, — расказваюць у агенцтве.
95% людзей з першай групай інваліднасці не могуць знайсці працу: палова наймальнікаў не гатовыя бачыць у сваіх арганізацыях інвалідаў, тлумачыць Сяргей Драздоўскі — каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю.
Сяргей Драздоўскі: “Тут шмат прычынаў: пачынаючы ад дыскрымінацыйных рэчаў, калі інвалідаў не хочуць бачыць на працы, да аб’ектыўных прычынаў — немагчымасць адшукаць працу, якая адпавядае магчымасцям. Таксама тут адсутнасць адпаведнага транспарту, праблемы з медыцынскімі рэкамендацыямі. Ёсць і тыя катэгорыі людзей, якія праз стан здароўя проста не могуць працаваць”.
Але, згодна з законам, абмежаванне па працы толькі адно — узрост, гаворыць юрыст Сяргей Зікрацкі.
Сяргей Зікрацкі: "Да 14 гадоў нельга працаваць, а больш і няма такіх забарон, усе могуць. Толькі па характары працы можа быць абмежаванне”.
У пачатку 2012 года на ўліку ў органах па працы і занятасці стаялі 519 тысяч інвалідаў. З іх афіцыйна працуюць усяго 16%, паведамляе Белстат.
Фота: www.vrbiz.ru