Жылыя дамы ў Брэсце пайшлі расколінамі (фота)

130411_rep_brest.mp3

Журналісты і актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” арганізавалі фотавыставу “Расколіны Брэста” і абмеркавалі на круглым стале, як змагацца з аварыйнымі дамамі.

У круглым стале ўзялі ўдзел спецыялісты ў будаўніцтве і эксплуатацыі будынкаў, дэпутаты мясцовага савета дэпутатаў, журналісты і жыхары горада. Старшыня аднаго з жыллёвых будаўніча-спажывецкіх кааператываў Аляксандр Шчураў патлумачыў Еўрарадыё, што расколіны з’яўляюцца з-за складанага балоцістага грунту ў розных мікрараёнах горада:

Грунты намытыя ўсюды, балота. Сітуацыя складаная. Як старшыня кааператыва, я гаварыў з калегамі – ва ўсіх новых дамах ёсць трэшчыны: на Кавалёва, на Вульцы. У нашым доме па Маскоўскай пасля двух гадоў, калі скончылася гарантыя, “маячкі” ставілі на ўзроўні чацвёртага і пятага паверхаў. Таксама там пайшлі трэшчыны”.

Фота: расколіны на дзевяціпавярховіку па вул. Маскоўскай

На фотавыставе было бачна, што ёсць вялікія расколіны як на дамах “польскага часу” у гістарычным цэнтры горада, так агромістыя расколіны прысутнічаюць і на новых будынках. Да прыкладу, як маланкай разбіла расколіна сцяну дзевяціпавярховага жылога дома па вуліцы Маскоўскай, 176 у новым мікрараёне.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання, будаўнік па адукацыі Леанід Майструк мяркуе, што расколіны — вынік няякаснай працы будаўнікоў:

“У мэтах эканоміі падчас выканання швоў кладкі выкарыстоўваюць зазвычай смецце. Падаецца нібыта цэментны раствор, але гэта толькі для вока. Можна, натуральна, задацца пытаннем: а дзе тэхнагляд, які правярае?

Памылкі ў праектаваннях, дысбаланс перакрыццяў, кепскае выкананне швоў кладкі або стыкаў панэляў узнікаюць па прычыне масавага ад’езду кваліфікаваных будаўнікоў на заробкі за мяжу, лічаць удзельнікі круглага стала. Змагацца з гэтым яны збіраюцца праз грамадзянскую кампанію “Расколіны Брэста”. Цяпер кожны жыхар горада зможа даслаць на сайт кампаніі “Гавары праўду” здымак са сваёй расколінай, каб папоўніць фотавыставу. Па выніках сабранага матэрыялу актывісты збіраюцца падаць запыт у Брэсцкі гарвыканкам і распачаць збор подпісаў, каб на жылых будынках расколіны былі ліквідаваны.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі