Рок-фэст з еўрапейскімі амбіцыямі пройдзе пад Мінскам
Два дні, дзве сцэны. Намётавае мястэчка “як на Гластанбэры”, сусветна вядомыя хэдлайнеры. Але пакуль што — без алкаголю.
Новы беларускі рок-фестываль “Мост” робіцца з разліку на 15 тысяч гледачоў. Ён будзе вялікім шматмоўным оўпэн-эйрам, які яднае культуры вялікай колькасці краін. У гэтым упэўненыя арганізатары мерапрыемства, якое пройдзе 2-3 ліпеня на аэрадроме “Баравая” пад Мінскам.
“Вельмі зручнае геапалітычнае месца, бо сюды і расіяне могуць ехаць, і ўкраінцы, і прыбалты і іншыя ўсходнія еўрапейцы, ― тлумачыць саарганізатар “Маста” і арганізатар расійскіх фэстаў Maxidrom ды “Нашествие” Андрэй Мацвееў. ― Да таго ж, па часе ён вельмі цікава стаіць! Акурат на пачатку ліпеня пачынаецца вялікая колькасць фестываляў і ў Расіі, і ва Украіне, і на Захадзе. А гэта значыць, што буйныя гурты без праблем здолеюць уключаць “Мост” у свой фестывальны расклад”.
Андрэй Мацвееў
Праўда, зоркі “першай велічыні” ― пакуль толькі планы на бліжэйшыя некалькі гадоў. Маўляў, для пачатку трэба стаць на ногі. Сёлета ў першы дзень фестывалю на галоўнай сцэне вытупяць гурты “Петля Пристрастия”, J:морс і Hurts, на сцэне “Sprite Drive” ― The Toobes ды Lumen. 3-га ліпеня на галоўнай сцэне адыграюць “Без билета”, Akute, “Земфира”, а на другой ― Louna, “Слот”, “Bullet for My Valentine” ды “Дай Дарогу!”.
“Кожны з гуртоў будзе граць не менш за гадзіну, а некаторыя хэдлайнеры і па паўтары, ― адзначае кіраўнік кампаніі-арганізатара “Корпорация развлечений” Андрэй Аляксееў. ― Плюс — заходнія артысты вязуць з сабой фуры з прадакшнам [свет, гук і афармленне сцэны для шоў. ― заўв. Еўрарадыё]. Напрыклад, “Земфира” сваё шоў робіць на базе прадакшна Rammstein, у яе кожная кампазіцыя мае свой, так бы мовіць візуал”.
Андрэй Аляксееў
Адметнай рысай фэсту “Мост” будзе намётавы гарадок па ўзоры буйных еўрапейскіх оўпэн-эйраў. Гэта значыць — з прыбіральнямі, ўмывальнікамі, Wi-Fi і адпаведнай тусовачнай атмасферай.
“У кемпінг будуць дапускацца людзі, якія прыехалі на фестываль на два дні, ― дадае Андрэй Аляксееў. ― Адпаведна, адкрываецца ён а 12-й гадзіне 2 ліпеня. Для ўсіх будзе працаваць Wi-Fi кропка, будзе арганізаваная санітарная зона. У кэмпінг можна будзе прыязджаць і са сваімі намётамі, і браць іх у нас у арэнду. Натуральна, месца пад намёт, як і яго арэнду, трэба будзе аплачваць асобна, кошты мы абвесцім пазней”.
Карыстаючыся досведам расійскіх Maxidrom ды “Нашествие”, арганізатары абяцаюць распрацаваць фестывальную інфраструктуру так, каб максімальна пазбегнуць чэргаў і ў прыбіральні і ў харчовыя зоны. А вось з півам ці іншымі, больш моцнымі напоямі, пытанне пакуль вырашаецца. Маўляў, парушаць закон ніхто не збіраецца, але і наяўнасць хоць бы і лёгкага алкаголю для рок-фэста неабходная.
Квіткі на фестываль “Мост” можна набыць у офісе арганізатараў (Мінск, вул. Няміга, 3-335), на сайтах kvitki.by, ticketpro.by, bileti.by, а таксама па ўсёй краіне ў салонах сувязі “Евросеть” ды “Связной”. Агульны квіток на адзін дзень каштуе 250 тысяч, на два ― 400 тысяч, фан квіток на адзін дзень каштуе 400 тысяч, на два ― 650 тысяч.