РСП: У нашым кліпе няма не толькі парнаграфіі, але нават лёгкай эротыкі

Музыкі з гурта "Разбітае сэрца пацана" здзіўленыя, што кліп на іх песню "Wall-E" прызналі парнаграфічным. 

Як паведамляла Еўрарадыё, на маладафонтаўца з Салігорска Андруся Тычыну пачалі крымінальную справу за распаўсюд парнаграфіі праз інтэрнэт. Падставай сталі чатыры відэаролікі, якія хлопец размясціў у сацыяльнай сетцы "Вконтакте". Адзін з ролікаў — кліп гурта "РСП" на песню "Wall-E". Паведамляецца, што экспертная камісія прызнала яго парнаграфічным. 

У каментары парталу Tuzin.fm музыкі Дзяніс Тарасенка і Павел Гарадніцкі раскрытыкавалі меркаванне экспертаў. Тарасенка назваў сітуацыю поўным трызненнем: "Мы ж выдатна разумеем, што калі трэба закрыць чалавека, то і ў Беласнежцы можна ўгледзіць порна, прычым групавое. Я лішні раз перачытаў вызначэнне парнаграфіі. Наш кліп не адпавядае яму, бо няма ані дэманстрацыі палавога акту, ані буйных планаў геніталіяў, ані ўсяго таго, за што мы так любім порна". Гарадніцкі дадаў, што іх кліп не цягне нават на лёгкую эротыку: "А калі нараканні на голых мужыкоў, дык і грамадскія лазні трэба забараняць".

Кліп "Wall-E" у 2009 годзе быў выдалены з Youtube "за парушэнне ўмоваў карыстання" праз дзве гадзіны пасля прэм’еры. Потым яго вярнулі з пазнакай абмежавання па ўзросце — ад 18 гадоў. Кліп можна паглядзець тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі