Рымашэўскі: Справа ксяндза Лазара нагадвае выкраданне чалавека

У дакуменце акцэнтуецца ўвага на тое, што ўжо больш за два месяцы невядомы лёс каталіцкага святара Уладзіслава Лазара. Вось што распавёў Еўрарадыё адзін з лідараў аргкамітэта Віталь Рымашэўскі:


"Мы патрабуем ад Генеральнай пракуратуры, каб яна выканала свае прамыя абавязкі: здзейсніла нагляд за гэтай справай і адказала, наколькі законна ён утрымліваецца зараз за кратамі. Ці можа быць зменена яму мера ўтрымання, напрыклад, на падпіску аб нявыездзе. Нарэшце, каб далі грамадскасці адказ, за што арыштавалі ксяндза і што яму інкрымінуюць. Таму што пакуль гэта ўсё нагадвае выкраданне чалавека".

Нагадаем, 26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі шпіёна-католіка, але падрабязнасці справы не агучыў. На наступны дзень з'явілася версія, што быў затрыманы ксёндз Уладзіслаў Лазар, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве. Вядома, што Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, пасля — у Польшчы.

Дагэтуль не было агучана ніякай афіцыйнай інфармацыі ў справе ксяндза Лазара. Меркавалася, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, аднак Віталь Рымашэўскі звяртае ўвагу на тое, што вярнуліся паштоўкі, якія дасылаліся ксяндзу ў следчы ізалятар. "Магчыма яго там няма", — кажа Рымашэўскі. Ён адзначае, што пад петыцыяй у абарону кс. Уладзіслава Лазара сабрана ўжо больш тысячы подпісаў і іх працягваюць збіраць.

Фота —  Catholic.by 

 


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі