СААЗ: COVID-19 у Беларусі перайшоў у фазу кантактнай перадачы ў супольнасці
Сітуацыя ў Беларусі выклікае заклапочанасць і патрабуе неадкладнай рэалізацыі ўсёабдымнай змяшанай стратэгіі. Да такой высновы прыйшлі эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пасля візіту ў нашу краіну. Місія СААЗ працавала ў Беларусі 8-11 красавіка.
"Беларусь уступіла ў новы этап эвалюцыі пандэміі COVID-19 з перадачай інфекцыі сярод насельніцтва, што асабліва прыкметна ў асобных частках краіны, уключаючы сталіцу Мінск, горад Віцебск і Віцебскую вобласць", — гаворыцца ў дакладзе місіі. На думку спецыялістаў, успышка COVID-19 у Беларусі перайшла ў фазу кантактнай перадачы на ўзроўні супольнасці.
Эксперты СААЗ рэкамендуюць прыняць агульнанацыянальныя мер па фізічным дыстанцыяванні на нацыянальным і абласным узроўнях. Гаворка ідзе пра перанос усіх масавых збораў людзей (спартыўныя, культурныя, палітычныя і рэлігійныя мерапрыемствы); ізаляцыю і лячэння пацыентаў з пацверджаным COVID-19 і ізаляцыю ва ўмовах каранціну кантактаў такіх пацыентаў з пацверджаным COVID-19; арганізацыю дыстанцыйнай працы і дыстанцыйнага навучання, прыпыненне дзейнасці ўсіх другарадных арганізацый, прадпрыемстваў і эканамічных суб'ектаў. Там, дзе арганізаваць дыстанцыйную працу немагчыма, рэкамендавана строга выконваць меры прафілактыкі і інфекцыйны кантроль.
Эксперты СААЗ рэкамендавалі забяспечыць адлегласць паміж работнікамі, абмежаваць колькасць нарадаў і сустрэчаў, зменшыць неабавязковыя перамяшчэнні, асабліва для груп высокай рызыкі і ўразлівых пацыентаў. Усе гэтыя меры запавольваюць распаўсюд віруса.
Таксама СААЗ рэкамендуе павялічыць колькасць месцаў правядзення тэставання на каранавірус, "уключаючы спецыяльныя пункты з пешым або аўтамабільным доступам і / або мабільныя групы тэставання"; забяспечыць якасць мясцовых тэст-сістэмаў, правёўшы іх знешнюю ацэнку; абследаваць і тэставаць на COVID-19 пры ўездзе ў краіну і на 14 дзён ізаляваць усіх прыезджых.
"Пратаколы першаснага скрынінгу, сартавання і накіравання на абследаванне і лячэнне павінны быць цалкам укаранёныя ва ўсіх установах аказання медыцынскіх паслуг, уключаючы шпіталі раённага ўзроўню, паліклінікі, стаматалагічныя клінікі і прыватныя медыцынскія ўстановы", — гаворыцца ў рэкамендацыях СААЗ.
Акрамя таго эксперты міжнароднай арганізацыі звяртаюць увагу ўладаў на тое, як важна даваць насельніцтву поўную інфармацыю аб развіцці эпідэміі: "Рэгулярнае і ўсебаковае інфармаванне грамадскасці аб развіцці сітуацыі з COVID-19 у Беларусі, у тым ліку даныя па рэгіёнах, мае жыццёва важнае значэнне для павышэння ўзроўню разумення эпідэміялагічнага становішча, а таксама для тлумачэння прычын прыняцця пэўных агульнанацыянальных мер, такіх як перанос публічных мерапрыемстваў або абмежаванне перамяшчэння".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.