Сацыял-дэмакраты прапануюць перайменаваць Ленінскі раён Брэста

Сацыял-дэмакраты прапануюць перайменаваць Ленінскі раён Брэста

Сацыял-дэмакраты прапануюць перайменаваць Ленінскі раён Брэста. Адпаведны зварот быў накіраваны ў Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў.

У ім адзначаецца, што Ленінскі раён горада Брэста быў утвораны 7 красавіка 1978 года ўказам прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Назва раёна ў той час адпавядала канстытуцыйнаму ладу і ідэалогіі існуючай дзяржавы — СССР. У 1991 годзе гэтая дзяржава спыніла сваё існаванне, а Рэспубліка Беларусь не з'яўляецца правапераемніцай Савецкага Саюзу.

Пра дадзеную ініцыятыву Еўрарадыё распавёў Андрэй Ваўчок, старшыня Ленінскай раённай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) горада Брэста.

Ваўчок: “Ленінскі раён названы ў гонар Леніна, які ўвогуле не мае аніякага дачынення да горада Брэста. Ёсць шмат іншых людзей, якія зрабілі значна больш для гісторыі горада, чым Ленін. Сваіх варыянтаў [новай назвы] мы пакуль не маем, але думаю, што яны хутка з’явяцца. Думаю, што нас падтрымаюць людзі і пазней мы будзем па гэтым пытанні праводзіць круглыя сталы”.

Андрэй Ваўчок лічыць, што назва Ленінскага раёна супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У 4-м артыкуле адзначаецца: "дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў. Ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб'яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлiвацца ў якасцi абавязковай для грамадзян". Уладзімір Ленін, у гонар каго названы цэлы раён горада, з'яўляецца носьбітам адной ідэалогіі, адной партыі, падкрэслівае палітык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі