Салігорскі фермер знарок збанкрутаваў сваё прадпрыемства (відэа)
Каб не плаціць па пазыках, ён пераводзіў актывы адной фірмы ў другую.
Фінансавай міліцыі ўпершыню за некалькі гадоў удалося даказаць выпадак крымінальнага банкруцтва, паведамляе tut.by са спасылкай на тэлеканал "Беларусь 1".
Салігорскі фермер спецыяльна банкрутаваў сваё прадпрыемства. Ён завінаваціўся партнёрам і дзяржаве 1 мільярд 800 мільёнаў рублёў. У фермера было дастаткова сродкаў, каб разлічыцца за пазыкі. Але прадаваць маёмасць для гэтага ён не хацеў. Таму мужчына вырашыў збанкрутаваць адну фірму, а ўсе грошы перавесці на рахунак іншай. Частку прадукцыі, як высветлілі праваахоўныя органы, фермер стаў прадаваць за наяўны разлік без бухгалтарскіх дакументаў.
Акрамя таго, як раз падчас цяжбы ў бізнэсоўца нечакана згарэла пільня. Даказаць наўмысны падпал не ўдалося, аднак праваахоўнікам і так хапіла доказаў супраць прадпрымальніка.
На салігорца пачалі крымінальную справу па двух артыкулах — "Наўмыснае банкруцтва" і "Ухіленне ад выплаты крэдыторскай запазычанасці".