Самалёт "Белавія" экстранна саджалі ў Віцебску з-за дзіцяці
Аэрапорт Віцебска / traveling.by
Стала вядомая прычына ўчорашняй экстранай пасадкі самалёта "Белавія", які ляцеў з Масквы ў Мінск. Узніклі праблемы со здароўем у дзіцяці, які быў на борце, піша БЕЛТА са спасылкай на кіраўніка Віцебскага аэрапорта Сяргея Рурыса. Паводле яго словаў, камандзір паветранага судна папрасіў аварыйную пасадку. На працягу 15 хвілін пасадку борту забяспечылі, а ў аэрапорт выклікалі хуткую дапамогу.
"Дзіця адразу з самалёта забрала хуткая", — адзначыў Сяргей Рурыс. Маленькага пасажыра адвезлі ў абласны дзіцячы клінічны цэнтр, аказалі дапамогу. На вечар аўторка яго стан ацэньваўся як здавальняючы. "Дзіця шпіталізаванае ў адну з гарадскіх бальніц Віцебска. Спецыялісты праводзяць комплекс неабходных дыягнастычных мерапрыемстваў для вызначэння тактыкі далейшага лячэння", — распавялі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
Самалёт "Белавія" тым часам дазаправілі, і ён змог адправіцца далей па маршруце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.