Самбіст, які ў Мінску ўцёк ад сілавікоў з дапамогай таксіста, з'ехаў у Польшчу

Самбіст, які ў Мінску ўцёк ад сілавікоў з дапамогай таксіста, з'ехаў у Польшчу

Відэа Еўрарадыё, знятае летась падчас разгону пратэстаў каля станцыі метро "Пушкінская", шырока разышлося па айчынных і замежных СМІ, па сацсетках. На ім бачым, як таксіст ратуе хлопца-пратэстоўцу, які збягае ад сілавікоў.

Хлопец выехаў у Польшчу і ўжо можа назваць сваё прозвішча. Гэта — 19-гадовы Раман Руткоўскі, малады самбіст. Летась першакурснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. І аднойчы яго ледзь не затрымалі.

"На відэа не было нічога незаконнага, — расказвае ўцякач. — Але... я разумеў, што ў нашай краіне любых вядомых пратэстоўцаў хутчэй спрабуюць закрыць. А яшчэ потым хтосьці мог бы прыдумаць, што да забегу я прычыніў нейкую шкоду сілавікам...".

Руткоўскі жыве ў польскім горадзе Катавіцэ (прыехаў па праграме Каліноўскага), праходзіць моўныя курсы. У планах — паступленне ва ўніверсітэт. Хоча стаць "трэнерам па барацьбе".

Малады чалавек прызнаецца, што не хоча жыць за мяжой і вернецца ў Беларусь адразу ж пасля змены ўлады.

Раман Руткоўскі кажа, што падтрымлівае сувязь з таксістам, які яго выратаваў, але яны яшчэ не сустрэліся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі