S.D.M. "S.D.M."

Пераможцы “Басовішча-2006” гурт S.D.M. нарэшце разжыліся пласцінкай з адпаведнай назвай.

Такім чынам мінула некалькі гадоў. За гэты час музыкі, у якіх бачылі будучых “энэрэмаў”, мусілі крыху пасталець, навучыцца лепш граць і спяваць, наслухацца актуальнай і не надта актуальнай музыкі, стырыць адтуль некалькі фішак для сваіх песень. А потым яны павінны былі падумаць пра альбом, прадумаць яго канцэпцыю і прыдумаць нешта, што б магло звярнуць на сябе ўвагу: класны матэрыял, запіс, вокладка, ігра, вакал – ды што заўгодна.

 А S.D.M. граюць так сабе. І спяваюць таксама.

Якая там канцэпцыя ды фішкі! Бруднаваты гаражны саўнд, аднастайны матэрыял (такое ўражанне, што цягам пласцінкі гучыць адна песня), прадказальныя тэксты – “твары-мары”, неахайны запіс і адсутнасць новай думкі – вось што атрымалася ў хлопцаў, якія хацелі нагадаць, што гурт S.D.M. не знік, як тое бывае часам з пераможцамі “Басовішча”, а існуе.

Увогуле, калі выпадае слухаць апошнія навінкі беларускамоўнага року, робіцца сумна: няўжо людзі развучыліся больш-менш аб’ектыўна ацэньваць сваю ўласную творчасць? Няўжо сярод музыкаў мала людзей, якія б адкрытым тэкстам сказалі: хлопцы, атрымліваецца лайно, давайце зоймемся іншымі справамі? Няўжо так карціць убачыць назву свайго гурта ў навінах на “Тузіне”, у тамашнім гіт-парадзе размясціць сваю песню і вылецець адтуль праз тыдзень?

Карацей. Гурту S.D.M. граць і развівацца варта было падчас папулярнасці “N.R.M.”. А цяпер позна махаць крыламі - “N.R.M.” больш няма, і каляэнэрэмаўская музыка не актуальная. S.D.M’ам можна было нагадаць пра сябе добра зробленымі дзьвюма-трыма новымі песнямі. Тое, што атрымалася – гэта не зусім кепска, але і не патрэбна нікому. Дарагія музыкі, не забірайце ў слухачоў каштоўны час – яго і так заўсёды не хапае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі