Севярынец збірае новую акцыю: ніякай інтэграцыі з Расіяй!
Сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец збірае новую вулічную акцыю. Пра гэта ён напісаў у аўторак на сваёй старонцы ў Facebook. Севярынец прызначыў яе на 29 снежня. Апазіцыйны палітык лічыць, што ў гэтыя дні адбываецца "здача эканамічнай, юрыдычнай, палітычнай незалежнасці" Беларусі.
"Узгадняюць усе свае дарожныя карты, — піша апазіцыйны палітык. — Даюць тры дні на падпісанне. Пуціну пад елачку... Ніякай інтэграцыі з Расіяй!".
Павел Севярынец заклікае праводзіць вулічныя акцыі па ўсёй краіне.
Севярынец быў лідарам вулічных антыінтэграцыйных акцый пратэсту ў Мінску 7-8 і 20 снежня. На іх збіралася ад тысячы да двух тысяч чалавек. Тыя мітынгі і шэсці адбываліся ў дні, калі адбываліся сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Напярэдадні расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўся магчымая далейшая дадатковая падтрымка нашай краіны можа аказвацца толькі пасля выканання ўсіх інтэграцыйных "дарожных картаў". Паводле яго слоў, яшчэ не ўзгоднена стварэнне наднацыянальных органаў, адзіная валюта і адзіны эмісійны цэнтр. Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітрый Крутой заявіў, што "увесь інтэграцыйны пакет узгоднены", застаецца "даўдакладняцца ў бліжэйшыя 2-3 дні".