Шайгу і Хрэнін падпісалі дакументы пра захаванне ядзернай зброі ў Беларусі
Сяргей Шайгу і Віктар Хрэнін / t.me/modmilby
У Мінску адбылася сустрэча міністра абароны Беларусі генерал-лейтэнанта Віктара Хрэніна і міністра абароны Расіі генерала арміі Сяргея Шайгу. Расійскі міністр прыляцеў у Беларусь 25 траўня.
Як паведамляе прэс-служба беларускага Мінабароны, міністры падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак утрымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі.
Каментуючы гэтую сустрэчу, Хрэнін заявіў: "Размяшчэнне нестратэгічнай ядзернай зброі — дзейсны адказ на агрэсіўную палітыку недружалюбных нам краін". Пры тым, што агрэсіўную палітыку праводзіць Расія, якая развязала вайну ва Украіне, і дапамагаюць у гэтым беларускія ўлады.
Хрэнін таксама паведаміў, што рэгіянальная групоўка беларуска-расійскіх войскаў узмацніла свой баявы патэнцыял такімі відамі ўзбраення, як аператыўна-тактычны ракетны комплекс "Іскандэр-М" і зенітная ракетная сістэма С-400. "Праведзенае пераабсталяванне самалётаў Су-25 з магчымасцю прымянення авіяцыйных сродкаў паражэння ў ядзерным аснашчэнні", — дадаў ён.
Шайгу заявіў, што кантроль за нестратэгічнай ядзернай зброяй, якая размяшчаецца ў Беларусі, застаецца за Расіяй, рашэнне аб прымяненні — таксама.
Пра тое, што ў Беларусі плануецца размясціць расійскую тактычную ядзерную зброю, у сакавіку заявіў Уладзімір Пуцін. Будаўніцтва спецсховішча мяркуюць скончыь да 1 ліпеня 2023 года.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў нядаўна заявіў, што ядзерную зброю ў Беларусь дагэтуль не прывезлі. Кіраўнікі краін "Вялікай сямёркі" на нядаўнім саміце ў Японіі назвалі небяспечным і непрымальным намер размясціць у Беларусі расійскую ядзерную зброю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.