Шэсць машын ДАІ затрымлівалі байкера ў цэнтры Мінска

 Шэсць машын ДАІ затрымлівалі байкера ў цэнтры Мінска

Адразу некалькі аўтамабіляў ДАІ ўвечары 9 ліпеня блакавалі матацыкліста на Kawasaki Ninja на праспекце Незалежнасці ў цэнтры Мінска. Падтрымаць таварыша прыехалі іншыя матацыклісты. Разгляд зацягнуўся на некалькі гадзінаў.

Байкер Павел распавёў журналістам партала tut.by, што ён выехаў з офіса на вуліцы Зыбіцкай, праехаў каля кіламетра — і яго затрымалі. 

"Пачуў сірэну і не зразумеў, за мной ці не за мной, таму проста каціўся па ўзбочыне. Тады ДАІ падала знак спыніцца — я спыніўся. Калі ў машыне ДАІ сядзеў, пачуў, што ў горадзе абвешчаны план "Перахоп": шукаюць зялёны матацыкл. Падумаў яшчэ, што байкер кагосьці збіў і знік з месца здарэння. Але гэтая версія не пацвердзілася. Быццам бы нейкі высокапастаўлены чыноўнік ўбачыў матацыкліста, які ехаў на заднім коле, і быў абвешчаны план "Перахоп", — кажа байкер.

Падчас здарэння праспект Незалежнасці апынуўся перакрыты. Праз дзве гадзіны пасля затрымання падтрымаць Паўла сабраліся матацыклісты з байк-супольнасці. Разгляд зацягнуўся да трэцяй гадзіны ночы. 

Байкер кажа, што супрацоўнікі ДАІ спярша некалькі гадзін глядзелі ролікі з вулічных відэакамер. Потым яму паказалі нейкае відэа на тэлефоне, дзе хлопец на зялёным матацыкле аб'язджае затор па сустрэчнай паласе. Па словах Паўла, спярша на яго склалі сем пратаколаў, потым колькасць пратаколаў скарацілі да трох — праезд на чырвонае святло, выезд на сустрэчную паласу і падазроны серыйны нумар. Байкер кажа, што ў яго забралі матацыкл і нават не далі ніякіх папераў наконт гэтага 

У ДАІ журналістам распавялі, што матацыкл даставілі на штрафстаянку. Прэс-афіцэр УДАІ Мінгарвыканкама Сяргей Заранік патлумачыў, што нярэдка матацыкл прывозяць з-за мяжы па частках і збіраюць у Беларусі. Цяпер эксперты правераць, ці сапраўдны серыйны нумар, выбіты на раме байка.

Вялікую колькасць экіпажаў, якія затрымлівалі байкера, у ДАІ патлумачылі наступным чынам: "Калі экіпаж ДАІ затрымлівае парушальніка, то звесткі пра яго перадаюцца ва ўсе экіпажы. Іншыя патрульныя машыны прыехалі для захавання бяспекі грамадскага парадку — на месцы здарэння сабралася шмат матацыклістаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі