Шэсць муралаў сёлетняй Vulica Brasil, якія вы будзеце паказваць сябрам!
Мастакі, якія прыехалі ў Мінск на пяты фэст вулічнага мастацтва Vulica Brasil, ужо прыступілі да працы. Тры новыя муралы з’явяцца на тусовачнай Кастрычніцкай вуліцы, яшчэ два — побач, на вуліцы Трасцянецкай.
На Кастрычніцкай перш за ўсё на вочы трапляецца вялізарны інь-янь у канцы вуліцы. Малады магілёўскі мастак Alexei Antony упісаў у традыцыйны знак мудрагелістыя арнаменты. Не абышлося і без аптычнай ілюзіі — мурал ствараецца на стыку завадскіх карпусоў, аднак выглядае аб’емна.
У дворыку прасторы ОК16 будзе адразу два малюнкі. Над першым з іх працуе бразільскі дуэт OSGEMEOS. 45-гадовыя блізняты Атавіа і Густава Пандольфа ўжо працавалі ў Мінску — “Жоўты гігант” на бразільскай амбасадзе выйшаў менавіта з-пад іх пэндзляў. Цяпер падобны гігант з’явіцца і на Кастрычніцкай.
Насупраць працы бразільскіх мастакоў ужо скончыў свой малюнак лідчанін Covek. Жывёлы і афрыканскія матывы цяпер упрыгожваюць агароджу сцэны ОК16.
Манументальныя працы з’яўляюцца з супрацьлеглага боку завода, уздоўж набярэжнай Свіслачы. Бразілец Bruno Big стварае пасярод шэрых і чорных колераў, якія пануюць навокал, казачны сад. Выглядае вельмі кантрасна.
Далей, у канцы будынка, стварае свой мурал стрыт-мастак Hyper. Ён увасабляе вобраз “таго, хто жыве ў лесе” — лесуна з бразільскіх джунгляў.
За два аўтобусныя прыпынкі ад Кастрычніцкай поўным ходам ідзе праца над малюнкам мастачкі-хэдлайнера Criola. Дзяўчына змагаецца за правы жанчын па ўсім свеце, мінскі мурал прысвечаны менавіта гэтай тэме. На будынку па вуліцы Трасцянецкай, 11 ужо можна пабачыць абрысы малюнка-маніфэста.
Што тычыцца іншых муралаў Vulica Brasil, якія мусяць з’явіцца ў розных месцах Мінска, дык давядзецца крыху пачакаць. Гарадскія чыноўнікі яшчэ не ўзгаднілі гэтыя арт-аб’екты. Аднак арганізатары запэўніваюць, што праца над новымі мураламі пачнецца ў найбліжэйшы час.