Школьная вопратка для хлопчыка каштуе сто рублёў, для дзяўчынкі — 110
Пасля заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб агульнай школьнай форме, якая б зраўняла заможных і не вельмі школьнікаў, накіроўваемся ў сталічны ГУМ праверыць, што цяпер прапануюць да школы.
У аддзеле для хлопчыкаў выбар вялікі: ад касцюмаў са 100% воўны да вельветавых пінжакоў а-ля 1990-ыя. Нейтральны шэры касцюм Навагрудскай фабрыкі на хлопчыка сярэдняга школьнага ўзросту каштуе 64 рублі.
Склад: паліэстар (сінтэтычная такніна) 65%, віскоза (штучная тканіна) — 35%. Падкладка на 100% з паліэстэру.
Вось вельветавы касцюм для больш заможных, каштуе 81 рубель. Складаецца ў асноўным з паліэстру (88%).
Касцюм у клетачку каштуе 75 рублёў. Тканіна таксама збольшага з паліэстру. Дадаём сюды кашулю за 25 рублёў і гальштук, атрымліваем крыху больш за 100 рублёў за школьную форму.
Выбар таксама ёсць і для таго, каб апрануць у школу дзяўчынку: сарафаны ў клетачку, са стразамі, з клёпкамі. Каштуюць, як мужчынскія касцюмы ад 40 да 80 рублёў. Склад таксама падобны: да 70% сінтэтыкі. Кашулі каштуюць ад 35 рублёў і больш. Разам з сарафанам такая школьная форма зацягне на 110 рублёў.