Школьны выпускны абыдзецца бацькам у мільён
Пакуль праходзяць рэпетыцыі “апошняга званка”, бацькі выпускнікоў разам з дзецьмі падлічваюць страты на выпускны баль. Еўрарадыё зацікавілася, колькі грошаў трэ
Каб не застацца з пустымі кішэнямі пад канец навучальнага года, бацькі адной са сталічных гімназій пачалі збіраць грошы яшчэ летась у верасні, распавёў Еўрарадыё выпускнік Лёня.
Лёня: “Сапраўды, гэта вельмі шмат, мы кожны месяц збіралі, каб адразу не плаціць такую вялізную суму. Таму штомесяц мы аддавалі частку – 80 тысяч з чалавека. Але мы ў гэтую суму ўкладвалі не толькі выпускны, але яшчэ і падарункі настаўнікам, розныя рэчы на іспыт: асадкі, ластыкі, каб у кожнага сваё было. Ну і плюс яшчэ на патрэбы класа ішло”.
Такім чынам, за 9 месяцаў набегла 720 тысяч рублёў. Аднак які ж выпускны без святочнага строя? Па словах Лёні, новы касцюм будзе каштаваць яшчэ тысяч 300. Але можна і зэканоміць – пайсці ў старым.
Лёня: “Шчыра кажучы, мы проста новы касцюм не куплялі. А так, увогуле, нармальны касцюм можа каштаваць 200-300 тысяч. Ну і чаравікі недзе ад 75 тысяч да 100, прыкладна так”.
Падлічыўшы самы ашчадны варыянт, атрымліваем 1 мільён рублёў! Прыкладна столькі ж плануе выдаткаваць і бацька выпускніцы Андрэй Аляксеевіч. У школе, дзе вучыцца яго дачка, грошы збіралі нават на сталы пажарнікам і міліцыянтам.
Андрэй Аляксеевіч: “Ну я разлічваю, што долараў 250. Ну можа і 300 з усялякімі там сукенкамі, абуткам”.
Крыху зэканоміць можна за кошт выпускнога альбома. Чым раней фатаграфавацца – тым танней выходзіць, даведалася Еўрарадыё ад выпускніцы адной са сталічных школ Дыяны.
Дыяна: “Мой клас зрабіў альбом у мінулым годзе, многія рабілі ў гэтым. Летась ён каштаваў 100 тысяч, а сёлета мае сябры заплацілі ўжо 120 тысяч, недзе так”.
А вось на выпускны баль ў Дыянінай школе збіралі па 250 тысяч рублёў, з чаго на падарункі настаўнікам пайшла траціна. Здавалася б, гэтая сума значна менш, чым у гімназіі, аднак для многіх аднакласнікаў Дыяны выпускны – занадта дарагая забава. Па яе словах, каля 40% класа увогуле туды не пойдуць, каб не траціць грошы на вопратку, сталы і падарункі. 600 тысяч – гэта мінімальная сума выдаткаў.
А вось у адной з брэсцкіх гімназій 600 тысяч прыйдзецца заплаціць толькі за ўрачыстую частку, распавяла Еўрарадыё адна з настаўніц.
Настаўніца: “Летась усе выдаткі на выпускныя вечары і ўсе падрыхтоўкі да іх выліваліся ў 100 еўра. З улікам таго, што тут і вечарына, і альбомы, і накрыты стол, і аплата музыкі, дыскатэкі, усіх мерапрыемстваў, кветак, сувеніраў. Сёлета сума павялічылася амаль удвая. Цяпер яны ўжо заплацілі па 650 тысяч”.
Незадаволеных сярод бацькоў шмат, аднак нічога не зробіш ― выпускны ёсць выпускны.
Фота: http://moikompas.ru