Шлях Малдовы ў Еўрасаюз: поспехі і пакуты

Сцягі Еўрасаюза і Малдовы / point.md

Сцягі Еўрасаюза і Малдовы / point.md / Point.md

За апошні год Малдова пачала імкліва прасоўвацца на шляху ўступлення ў Еўрасаюз. Палітыкі нават агучылі дату меркаванага завяршэння інтэграцыі — 2030-ы год. А пакуль краіна атрымала дзевяць патрабаванняў да рэформаў, якія трэба было правесці да 2023 года.

Ці зможа Малдова выканаць усе ўмовы? Як рэформы гразнуць у балоце юстыцыі? Якія ўрокі можа атрымаць любая іншая краіна-кандыдат у ЕС з вопыту Малдовы? Выданне ZdG разам з экспертамі даследуе розніцу паміж жаданнямі і магчымасцямі краіны стаць часткай Еўрапейскага саюза.

Як уладкаваны працэс інтэграцыі


Працэдура ўступлення ў Еўрасаюз можа расцягнуцца на дзесяцігоддзі. Кожная краіна павінна ажыццявіць для гэтага пэўныя крокі.

Па-першае, дзяржава падпісвае Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Гэта першы, базавы пункт. Выкананне ўмоў Пагаднення рыхтуе краіну да статусу кандыдата ў ЕС. Падаць заяўку можа любая геаграфічна еўрапейская дзяржава, якая паважае такія каштоўнасці як чалавечая годнасць, свабода, дэмакратыя, роўнасць, прававая дзяржава і захаванне правоў чалавека, уключаючы меншасці.

Малдова падпісала пагадненне 27 чэрвеня 2014 года, у адзін дзень з Украінай і Грузіяй. У рамках дакумента рэспубліка ўзяла на сябе абавязкі правесці рэформы дэмакратычных інстытутаў, палепшыць барацьбу з карупцыяй, мадэрнізаваць эканоміку, палепшыць публічныя паслугі і іншае.

Затым краіна адпраўляе заяўку на сяброўства ў ЕС. Пасля гэтага пачынаецца працэдура яе разгляду. Краіна атрымлівае анкету на ўступленне ў ЕС.

Малдова падала заяўку на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз 3 сакавіка 2022 (у той жа дзень, што і Грузія, і на тры дні пазней Украіны). Потым запаўняліся анкеты. Адказы былі накіраваныя ў Еўрапейскую камісію. Звычайна на падставе гэтых адказаў камісія рыхтуе заключэнне аб тым, ці гатовая краіна да кандыдацтва і накіроўвае яго Радзе для прыняцця рашэння.

Урад Малдовы атрымаў дзве часткі анкеты для заяўкі на ўступленне ў ЕС у красавіку 2022-га.

Пасля гэтага краіне даюць статус кандыдата ў ЕС. Для гэтага павінны прагаласаваць "за" усе дзейныя чальцы Еўрасаюза. Рэспубліка атрымала статус кандыдата праз два месяцы, у адзін дзень з Украінай — 23 чэрвеня. У выпадку з Грузіяй працэс зацягнуўся: уладам параілі адмовіцца ад некаторых недэмакратычных практык. Напрыклад, памятаць пра вяршэнства закона і свабоду СМІ. Пры гэтым Малдова і Украіна таксама атрымалі "дамашняе заданне" — спіс рэкамендацый Еўракамісіі, якія неабходна выканаць, каб пачаць перамовы аб уступленні.

Перамовы праходзяць у форме двухбаковых канферэнцый паміж кожным чальцом ЕС і кандыдатам па такіх пытаннях, як рэгіянальная палітыка, транспарт, энергетыка, падатковая палітыка, юстыцыя і ўнутраныя справы, фінансавая сфера, сельская гаспадарка і іншае. Вынікі перамоў далучаюцца да праекта пагаднення аб уступленні краіны-кандыдата ў ЕС.

Пасля завяршэння перамоваў з урадамі ўсіх краін-чальцоў ЕС, Камісія выдае заключэнне аб гатовасці краіны да сяброўства ў ЕС. На падставе гэтага заключэння дзяржавы-чальцы аднагалосна прымаюць рашэнне аб завяршэнні перамоваў. Еўрапейскі парламент дае сваю згоду.

Затым усе дзяржавы-чальцы і краіна-кандыдат падпісваюць і ратыфікуюць Угоду аб далучэнні. Краіна становіцца чальцом Еўрапейскага саюза.

Каб Малдова магла працягнуць працэс еўраінтэграцыі, яна павінна прасунуцца далей у правядзенні комплекснай рэформы правасуддзя, барацьбе з карупцыяй, захаванні правоў чалавека, актывізаваць вяртанне страчаных праз карупцыю актываў, ліквідаваць уплыў алігархаў, а таксама ўзмацніць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю.

Пункты гэтага плана дзеянняў павінны былі быць выкананыя да пачатку лета 2023 года — так заяўлялі ўлады. Ужо восень. Ці гатовая Малдова да ЕС? Чытайце падрабязнасці ў матэрыяле ZDG.

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі