Штабы Зяленскага і Парашэнкі дамовіліся са стадыёнам "Алімпійскі" наконт дэбатаў
Ва Украіне штабы кандыдатаў у прэзідэнты Пятра Парашэнкі і Уладзіміра Зяленскага заключылі пагадненне з Нацыянальным спартовым стадыёнам "Алімпійскі" наконт дэбатаў, перадае Громадське.
Як паведаміў прадстаўнік штаба Парашэнкі Алег Мядзведзеў, была заключаная трохбаковая дамова пра арэнду стадыёна 19 красавіка. Час дэбатаў, аднак, не паведамляецца.
Увечары 16 красавіка штабы кандыдатаў павінны працягнуць перамовы.
"Нашы прадстаўнікі збіраюцца абмяркоўваць рэгламент гэтых дэбатаў. Пакуль у нас розныя бачанні: адзін бок настроены на шоў, мы — на правядзенне паўнавартаснай дыскусіі", — патлумачыў Мядзведзеў.