Што агульнага ў беларускай апазіцыі і амерыканскага Кангрэса? — #ІхНоравы
"Іх Норавы"
Думаеце, звады і сваркі — унікальная рыса беларускай апазіцыі? Тады раскажам вам апошнія навіны з Белага дома.
Гэта рэгулярны агляд сусветных навін ад Еўрарадыё.
Не толькі беларуская апазіцыя ўмее дзяліцца
Спікера Палаты прадстаўнікоў ЗША зрынулі. Здавалася б — і што такога знакавага ў гэтай навіне? Скажам інакш: спікера зрынулі ўпершыню ў гісторыі!
Памятаеце, як на мінулым тыдні рэспубліканцы з дэмакратамі не маглі дамовіцца па бюджэце, бо група радыкальных правых патрабавала спыніць фінансавую падтрымку Украіны? Каб не дапусціць прыпынення фінансавання ўрадавых устаноў, рэспубліканцы і дэмакраты пайшлі на здзелку і прынялі часовы бюджэт — крыху большы, чым на месяц. Фінансавання Украіны ў ім (пакуль) няма.
Спікер Кевін Макарці спрабаваў спрыяць гэтай часовай угодзе, каб не дапусціць шатдаўна. Шатдаўн — гэта такая непрыемная сітуацыя, калі работнікі наогул усіх дзяржустаноў не ходзяць на працу, бо пакуль не прыняты бюджэт, ім не могуць плаціць заробак.
Але потым радыкальна настроеныя рэспубліканцы абвінавацілі спікера ў тым, што ён нібыта заключыў сакрэтнае пагадненне з Белым домам, каб той мог працягваць падтрымліваць Украіну ў вайне. Сам Макарці гэта адмаўляе. Ён кажа, што такая сітуацыя — вынік асабістых супярэчнасцяў з некаторымі калегамі па партыі, і нічога агульнага гэта з дзяржвыдаткамі не мае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.