Што не так з "абноўленым" Купалаўскім тэатрам
Закуліссе Купалаўскага тэатра / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Калі гаворка ідзе пра сучасны Купалаўскі тэатр — не незалежную трупу, а тых, хто застаўся ў гістарычным будынку, — гавораць пра дырэктарства Паўла Латушкі і звальненні большай часткі трупы, пра візіт у тэатр Аляксандра Лукашэнкі і слёзы Вольгі Няфёдавай. Гэта значыць, ацэнка таго, што адбываецца, залежыць хутчэй ад грамадскіх падзей і іх успрымання.
Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч пастараўся максімальна абстрагавацца ад гэтых абставін і засяродзіцца на прафесійных праблемах, якія стаяць перад абноўленай трупай Купалаўскага тэатра.
Разбураны ўзроставы баланс
Паспяховае развіццё тэатральнай трупы (як, зрэшты, і ўсякага калектыву: ад фірмы да спартыўнай каманды) залежыць і ад правільнага ўзроставага балансу. Ёсць умудроныя досведам "старыя", якія не заўсёды, на жаль, знаходзяцца ў ідэальнай фізічнай форме. Ёсць моладзь, якая "б'е капытом" і якой яшчэ не хапае ўменняў. Ёсць "сталыя" людзі, якія знаходзяцца ў росквіце фізічнай і інтэлектуальнай формы.
У тэатры моладзь часцей выходзіць у масоўцы, прабіваючыся да будучых галоўных роляў. "Старыя" часцей выходзяць у асобных ролях. А акторы сталага ўзросту цягнуць на сабе асноўны рэпертуар. Задача мастацкага кіраўніка — правільна выкарыстоўваць патэнцыял кожнай з гэтых груп.
У жніўні 2020-га з Купалаўскага тэатра звольнілася не проста вялікая частка трупы. Пайшла практычна ўся моладзь (застаўся толькі Міхаіл Світа) і амаль усе акторы сталага ўзросту (акрамя Вольгі Няфёдавай). Фактычна засталіся толькі "старыя".
Генадзю Аўсяннікаву — 86, Уладзіміру Рагаўцову — 78. Жаночая частка — таксама ў гэтым дыяпазоне, а Галіна Арлова, якая ўжо даўно не выходзіць на сцэну, сёлета адзначыць 93-годдзе. Для кагосьці з іх заробак у Купалаўскім — яшчэ і прыбаўка да невялікай пенсіі.
Так, Тамара Міронава да гэтага часу ў выдатнай фізічнай форме. Але, напрыклад, на прэм'еры "Паўлінкі" было відаць, як цяжка даваліся рухі Аўсяннікаву.
Выкарыстоўваючы толькі гэтых актораў, новы рэпертуар не створыш. Адзін спектакль — калі ласка (нездарма адміністрацыя аднавіла "Вечар", дзе ўсяго тры героі). Але на "рэтра-рэпертуар" ніхто не будзе хадзіць. Дый п'ес, дзе былі б адны немаладыя акторы, таксама не так шмат. У выніку ўзроставы баланс непапраўна разбураны.
Пошук біяграфіі праз Google
На працягу сезона адміністрацыя рабіла спробы аднавіць баланс і запоўніць штатныя адзінкі. Вынік пакуль выглядае сціплым. Чаму?
З актораў сталага ўзросту ісці ў тэатр практычна ніхто не захацеў. Нават цяпер такіх выканаўцаў з'явілася ўсяго два: 51-гадовы Уладзімір Іваноў і Васіль Сушыцкі, якому сёлета 42. З нацяжкай дадамо да гэтай катэгорыі 30-гадовую Таісію Увядзенскую і 29-гадовую Кацярыну Качан. Былі яшчэ Генадзь Пшэннік і Аляксандр Кісялёў — але інфармацыя пра іх ужо знікла з сайта тэатра.
Так, Увядзенская мае маскоўскую тэатральную адукацыю. Але калі гаварыць глабальна, то ніводнае з названых прозвішчаў не вядомае ні беларускім тэатралам, ні крытыкам. Іх даводзілася гугліць кожны раз, калі галоўны тэатр краіны прымаў у свае шэрагі кагосьці новага.
А пра Кацярыну Качан не вядома наогул нічога: пошукавыя сістэмы нічога не ведаюць пра яе акторскія работы. Ці іграла яна дзе-небудзь пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў? Загадка.
Не лепшая сітуацыя і з моладдзю. Раней адзінкі з выпускнікоў Акадэміі мастацтваў траплялі ў Купалаўскі і там ужо вучыліся ў "старых", бо ў беларускай тэатральнай адукацыі — вялікія праблемы. Яна безнадзейна састарэла ў параўнанні з Расіяй і Польшчай, куды ад'язджаюць многія выпускнікі школ.
Але гэтым разам з вядучай тэатральнай ВНУ не ўзялі нікога. Затое набралі дзевяцярых студэнтаў універсітэта культуры. А гэта ВНУ ў першую чаргу закрывае вакансіі культработнікаў у дамах культуры і школах мастацтваў, а не рыхтуе актораў на галоўныя сцэнічныя пляцоўкі сталіцы.
У аднаго з навічкоў — праблемы з беларускай мовай (у час "Паўлінкі" слых рэзалі яго памылкі). Другі не вельмі пластычны. Яшчэ трое хлопцаў вучацца на аддзяленні "народныя спевы". Яны першапачаткова не збіраліся станавіцца акторамі і, выкажу здагадку, пайшлі ў Купалаўскі не зусім па сваёй волі.
Дадам, што гэту тройку ўзялі ў трупу яшчэ і для таго, каб ліквідаваць гендарны дысбаланс. Бо пасля жніўня калектыў пакінулі практычна ўсе мужчыны.
Якія перспектывы ў гэтага разнамаснага калектыву? Нават у лепшым выпадку спатрэбяцца гады, каб хоць бы падцягнуць іх узровень да неабходнага для акадэмічнага тэатра. Пра гэта ж у нядаўнім інтэрв'ю гаворыць Ігар Сігаў — топавы актор, які пайшоў з Купалаўскага ў 2020-м. Ён не асуджае тых, хто застаўся ў тэатры, і спакойна глядзіць на тое, як яго адміністрацыя аб'яўляе набор за наборам, спрабуючы сфармаваць новую трупу. "Гэта не будзе той Купалаўскі, якому сто гадоў, — лічыць ён. — Мяркуючы па тым, хто туды прыходзіць, гэтаму тэатру спатрэбіцца яшчэ гадоў пяцьдзясят, каб ён стаў на ўзровень першай сцэны краіны".
Адзінае выйсце: выводзіць на першы план "старых"
Але ў рэшце рэшт, трупа сабраная. Узнікае пытанне: што іграць? Цяпер у рэпертуары тэатра тры спектаклі: "Паўлінка", "Вечар" і "Чорная панна Нясвіжа". Чаму менавіта яны? Пасля таго як адышла вялікая частка актораў, паказваць большую частку спектакляў стала няма каму. Лагічна аднаўляць тыя, на якія ёсць рэсурс. Гэта значыць, камерныя спектаклі або такія, дзе актыўна задзейнічана мінімальная колькасць актораў, а астатнія выходзяць у масоўцы.
Але ёсць яшчэ адна акалічнасць. Большую частку рэпертуару Купалаўскага да жніўня 2020 года складалі пастаноўкі Мікалая Пінігіна. Іграць спектаклі звольненага мастацкага кіраўніка неяк не з рукі. Таму выбар лагічны.
"Паўлінку" паставілі яшчэ ў час вайны, "Вечар" і "Чорная панна Нясвіжа" — работы нябожчыка рэжысёра Валерыя Раеўскага (менавіта яго ў канцы нулявых і змяніў Пінігін).
Нейкі час Купалаўскі анансаваў аднаўленне "Зямлі Эльзы", якую паставіла Алена Ганум. Але яна таксама вучаніца Пінігіна, у тэатры не працуе. У выніку з "Зямлёй" нешта не зраслося. Магчыма, купалаўцы адновяць яшчэ якісьці адзін спектакль са старога рэпертуару. Але, хутчэй, будуць ставіць новыя. Але хто гэтым зоймецца?
Новы мастацкі кіраўнік? Але маючы на руках толькі дыплом акторкі, Вольга Няфёдава ніколі не выяўляла рэжысёрскіх амбіцый.
Нядаўна з'явілася інфармацыя пра першую паўнавартасную прэм'еру — "Жаніцьбу". Яе паставіць 26-гадовы Данііл Філіповіч, які да нядаўняга часу працаваў у ТЮГу. У кулуарах хадзілі чуткі, што працаваць і ставіць у Купалаўскім прапаноўвалі многім рэжысёрам, але ўсе адмовіліся, а Філіповіч стаў першым, хто пагадзіўся. Можна толькі здагадвацца пра прычыны. У кожным разе гэтаму таленавітаму рэжысёру па сілах прыдумаць арыгінальную трактоўку твора Мікалая Гогаля. Але як яму справіцца з калектывам, дзе так шмат актораў рознага ўзроўню?
А такая праблема будзе прысутнічаць ва ўсіх наступных спектаклях Купалаўскага. Адзіны выхад: выводзіць на першы план "старых", старацца максімальна зарэтушаваць мінусы маладых, а таксама шукаць і шукаць новых актораў. Пагадзіцеся, гэта не тыя цяжкасці, якія павінны стаяць перад нацыянальным тэатрам.
Але галоўная праблема ў іншым. Падзеі жніўня 2020-га разбурылі пераемнасць Купалаўскага, якая падтрымлівалася на працягу ста гадоў яго развіцця. Цяперашні тэатр — гэта іншы калектыў, няхай ён і працуе ў старым будынку. Мабыць, менавіта будынак цяпер і ёсць тое галоўнае, чым тэатр звяртае на сябе ўвагу.
Меркаванне калумніста можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.