Што расказаў ICAO дыспетчар, які браў удзел у пасадцы борта Ryanair у Мінск

Борт Ryanair / Еўрарадыё
Борт Ryanair / Еўрарадыё

Улады ЗША дапамаглі следчым ICAO пагаварыць з дыспетчарам, які браў удзел у пасадцы борта Ryanair у Мінску.

З фінальнай справаздачы арганізацыі вынікае, што сведчанні дыспетчара “істотна супярэчаць інфармацыі і матэрыялам, пададзеным уладамі Беларусі ў дачыненні падзей, што мелі месца 23 траўня 2021 года, у тым ліку ў дачыненні паведамлення па электроннай пошце як крыніцы інфармацыі пра пагрозу выбуху”.

Сведчанні дыспетчара таксама пацвярджаюць, што “нявызначанай асобе” быў дадзены доступ у раённы дыспетчарскі цэнтр Мінска.

ICAO піша, што інфармацыя пра пагрозу выбуху "была даведзена да ведама экіпажа з ACC Мінска па ўказанні нявызначанай асобы, якой быў пададзены доступ у ACC  [дыспетчарскі цэнтр. — Еўрарадыё] Мінска".

Папярэдні даклад ICAO быў апублікаваны ў студзені 2022 года. Тады следчыя арганізацыі не змаглі сустрэцца з дыспетчарам. Упаўнаважаныя органы Беларусі паведамлялі, што гэты чалавек не выйшаў на працу пасля летняга адпачынку, і ў іх няма ніякіх звестак пра яго месцазнаходжанне. Па іх словах, усталяваць з ім кантакт было немагчыма.


Хто даслаў ліст з пагрозай?

Па версіі беларускага боку, першае паведамленне з пагрозай пра бомбу было атрымана па электроннай пошце ў 09:25 па Грынвічы — 12:25 па мясцовым часе. Потым у 09:56:45 па Грынвічы было атрымана другое паведамленне. Абодва лісты ўтрымвалі ідэнтычную інфармацыю пра пагрозу выбуху.

Дзякуючы пасярэдніцтву літоўскіх улад следчыя ICAO змаглі атрымаць інфармацыю са Швейцарыі, дзе знаходзяцца серверы паштовага сэрвісу Proton mail, праз які былі адпраўлены паведамленні. Згодна гэтай інфармацыі, толькі другое паведамленне па электроннай пошце было адпраўлена ў аэрапорт Мінск у 09:56:45 UTC.

Следчыя ICAO не змаглі праверыць, ці было першае паведамленне сапраўды атрымана ў 09:25. Падаць гэту інфармацыю беларускія органы не змаглі. То бок, ні часопісы рэгістрацыі сервера электроннай пошты airport.by, ні файлы электроннай пошты з метададзенымі.

Что рассказал ICAO диспетчер, который участвовал в посадке борта Ryanair в Минск
Раман Пратасевіч / БЕЛТА

Беларускі бок спаслаўся на тое, што гэта інфармацыя была выдаленая ў адпаведнасці з палітыкай захоўвання дадзеных. Следчыя ж падкрэсліваюць, што факт наяўнасці ці адсутнасці першага паведамлення на электроннай пошце аэрапорта з'яўляецца крытычна важным для разумення сітуацыі.

“Без першага паведамлення па электроннай пошце, можна выказаць здагадку, што інфармацыя пра пагрозу выбуху была атрымана паўнамоцнымі органамі Беларусі іншымі шляхамі, якія FFIT [расследавальніцкая каманда. — Еўрарадыё] не змагла ўсталяваць”, — гаворыцца ў дакладзе.

Следчыя падкрэсліваюць, што калі першае паведамленне па электроннай пошце сапраўды было атрымана ў аэрапорце, то перанакіраванне рэйса ў Мінск можна было б разглядаць у якасці абгрунтаванага варыянту.

Гэта не адзіная інфармацыя, да якой не далі доступу. Так, беларускі бок сцвярджае, што інфармацыю з ліста, які прыйшоў па электроннай пошце, персанал аэрапорта перадаў дыспетчарскаму цэнтру Мінска па тэлефоне.

Але запісы перамоў па мабільных тэлефонах адпаведных супрацоўнікаў з дакументальным пацверджаннем часу і працягласці гутарак, не былі прадэманстраваныя следчым.


Пасажыры рэйса

Прымусовая пасадка самалёта кампаніі Ryanair у Беларусі адбылася 23 траўня 2021 года. Самалёт ляцеў з Афінаў у Вільнюс. Беларускія ўлады заявілі, што атрымалі паведамленне пра бомбу на борце самалёта. Пасля пасадкі самалёта ў Мінску былі затрыманы два пасажыры — журналіст Раман Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега. Сапегу ўжо асудзілі на шэсць гадоў зняволення, абвінаваціўшы ў адміністраванні тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі". Суд над Пратасевічам дагэтуль не адбыўся.

Поўную версію выніковай справаздачы ІКАО на рускай мове можна прачытаць тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі