Што такое лічбавы рубель і навошта ён беларусам? Спыталі эканамістаў
У беларусаў можа з'явіцца яшчэ адзін від грошай
Нацбанк плануе ўвесці ў Беларусі лічбавы рубель. Чыноўнікі кажуць, што ім можна будзе расплачвацца нароўні з наяўнымі і безнаяўнымі грашыма. Праект плануецца запусціць да 2026 года.
Што такое лічбавы рубель і чым ён адрозніваецца ад рубля, які ляжыць на нашых банкаўскіх рахунках? А ад з самага пачатку лічбавага біткоіна? А інфляцыя праз "дадрук" лічбавых грошай не разгоніцца?
Еўрарадыё распытала пра гэта эканамістаў.
“Абсалютна безнадзейнае пачынанне”
Старшы навуковы супрацоўнік эканамічнага цэнтра BEROC Дзмітрый Крук кажа, што ўвядзенне лічбавых валют — гэта новая сусветная тэндэнцыя цэнтральных банкаў і іх рэакцыя на з'яўленне крыптавалют.
— Можна сказаць, гэта спроба зрабіць "мікс" паміж перавагамі крыптавалют і захаваннем вартасцяў грашовага абароту. Звычайныя людзі патэнцыйна змогуць здзяйсняць хуткія і танныя разлікі, пазбягаючы камерцыйных банкаў у ролі пасярэднікаў. То-бок з'яўляецца дадатковая магчымасць трымаць свае грошы ў новай форме.
Крук сцвярджае, што лічбавы рубель можна лічыць канкурэнтам цяперашніх крыптавалют.
— Сама ідэя CBDC (лічбавых валют цэнтральных банкаў) узнікае менавіта з прыкладу крыптавалют. У свой час яны далі людзям магчымасць ананімна здзяйсняць плацяжы без пасярэдніцтва банкаў. Адпаведна, частка стандартных механізмаў разлікаў замяшчаецца выкарыстаннем крыптавалют. Фактычна, у доўгай перспектыве гэта можа прывесці да таго, што значная частка грашовага абароту зробіцца нікому не падкантрольнай. А гэта ставіць пад пытанне само існаванне цэнтральных банкаў, якія ў XVII стагоддзі і з'явіліся з мэтай кантролю грашовага абароту. Таму, адчуваючы пагрозу з боку крыптавалют, банкі імкнуцца стварыць нешта вельмі падобнае.
Лічбавая валюта — з'ява новая і цяпер выкарыстоўваецца ў 10-15 краінах свету. Тэхнічна гэта софт, які нагадвае крыптавалютны кашалёк, прывязаны да мабільнага тэлефона. Патэнцыйна чалавеку можа паступаць туды заробак.
— Ва ўсіх развітых краінах увядзенне лічбавай валюты знаходзіцца ў працэсе распрацоўкі, і сказаць, што ў іх у гэтым кірунку ёсць вялікі досвед, нельга. Хутчэй, свет цяпер на пілотным этапе ўкаранення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.