Што выгадней: купіць бульбу на рынку ці вырасціць самастойна

“Будзе каля 100 мяхоў бульбы, але гэта рознай: і дробнай, і вялікай, і сярэдняй. Адзін мех — прыкладна, 40 кілаграм. Зразумела, гэта ўсё вельмі дорага. Пасадзіць бульбу — 1-1,5 долара за сотку бярэ трактарыст — апрацаваць, зрабіць лункі, заараць. Далей яе абагнаць трэба, акрапіць, прапалоць ды выкапаць. А ўгнаенні — гэтага ж ніхто не лічыць. А часу колькі патрэбна!” — падлічвае Васіль.

Гаспадару прасцей, бо ў яго свой конь. З яго дапамогай можна заараць поле, апрацаваць яго, пасадзіць бульбу пад каня, абагнаць яе і узараць. Для тых, у каго каня няма, ёсць два выйсці: шукаць яго па вёсцы ці наймаць трактар з ужо названымі коштамі. Разлік за працу ды тэхніку — як дамовішся: хтосьці бярэ “пляшкай”, нехта грашыма. Падлічваем, што за 32 соткі трэба заплаціць 48 долараў трактарысту, каб падрыхтаваў поле для бульбы.

Пасадзіць бульбу — самая простая праца. Звычайна, пры вялікай кампаніі пасадзіць тыя 30 сотак — дзень-два працы. Потым яе трэба пабаранаваць, прапалоць, акрапіць ад фітафторы ды абагнаць. Зразумела, што ад такой працы садніць спіна, вельмі баляць рукі, а цела набывае такі загар, які не сыходзіць да наступнай пасадкі бульбы.

Карэспаднэнт Еўрарадыё можа не толькі рэпартажы пісаць, але і бульбу капаць 

Але ўраджай так сабе...

Васіль распавядае, што звычайна разам з сям’ёй выкопвае бульбу за тры тыдні. Спачатку узорваецца поле, а потым спецыяльным прыстасаваннем разграбаецца зямля. Бульбу збіраюць у тры кошыкі — асобна малую, сярэднюю ды вялікую. Калі памагатых няма, можна абысціся сваімі сіламі, а можна наняць людзей. Дадатковыя выдаткі да тых 48 долараў за пасадку бульбы. Калі няма “натуральных” і бясплатных угнаенняў, а таксама насення, то сюды дадайце грошы і на іх.

Здаваць цяпер бульбу, у сезон, не выгадна, бо вельмі нізкія кошты.  Вясной, калі кошт падымецца, ёсць верагоднасць, што можна зарабіць трохі болей.

“Дакладна не скажу, але цяпер прымаюць бульбу недзе па 2-3 тысячы. Але гэта трэба адборную, не дробную, трэба ж самую таварную прадаваць. У нас буханка хлеба каштуе 8,5-9 тысяч рублёў, дык мне трэба здаць тры-чатыры кілаграмы на тое, каб акупіць паўкіло таго хлеба? Не выгадна гэта”, — кажа гаспадар.

Са сваіх 32 сотак Васіль выкапаў каля 4000 кілаграм бульбы. На Камароўскім рынку у Мінску ў самы сезон бульба каштуе 5-6 тысяч за кілаграм.

За прылаўкам стаіць Ларыса Пятроўна. Кошты на яе бульбу, як і ва ўсіх на рынку. Пытаемся ў жанчыны, колькі каштуе вырасціць бульбу?

“Пасадзіць, абагнаць пяць разоў за сезон, выкапаць! Столькі працы! Пасадзіць адну сотку каштуе каля 35 тысяч у Мінскім раёне. Акрапіць — адна шкляначка атруты каштуе 35 тысяч. А выкапаць!”, — эмоцый Ларыса Пятроўна не хавае. Жанчына паўтарае, што пасадзіць ды сабраць ураджай нялёгка.

Падлічваем: Васіль вырасціў 4000 кілаграм бульбы, патраціў сілы і, калі б не было каня, то яшчэ амаль 500 тысяч на трактар. На мінскай Камароўцы бульба каштуе ў сярэднім 5,5 тысяч рублёў. Такім чынам, калі не вырошчваць самому, то ўвесь яго ўраджай можна купіць за 22 мільёны рублёў. Гэта, натуральна, калі вам столькі патрэбна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі