Што за выкід адбыўся на "Барысаўдрэве"?
11 лютага жыхары Барысава сталі сведкамі выпадзення рудога снегу ў горадзе. Выявілася, што на вытворчасці "Барысаўдрэў" адбыўся выкід.
"Барысаўдрэў" быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 15 частка 1 Адміністрацыйнага кодэкса ("Парушэнне абавязковых для выканання патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў і нарматываў ў галіне аховы навакольнага асяроддзя"). Гэта пагражае штрафам да пяцісот базавых велічынь.
Начальнік Барысаўскай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя Алена Смірнова распавяла Еўрарадыё, што на прадпрыемстве адбыўся выкід не адкідаў вытворчасці, а драўнянай сыравіны, з якой робяць пліты МДФ:
"У ноч з 10 на 11 лютага падчас правядзення размолу тэхналагічных трэсак і атрымання драўняна-кудзелістай масы ў цэху МДФ адбылося спрацоўванне ахоўнага клапана фільтруючай устаноўкі ад залішняга ціску. Такі выкід адбыўся ўпершыню за чатыры гады пасля мадэрнізацыі".
Па словах Алены Смірновай, у гэтым выкідзе не павінна быць шкодных рэчываў:
"Паколькі адбыўся выкід не адкідаў вытворчасці, а сыравіны, і на гэтым этапе вытворчасці ў іх не павінна ўтрымлівацца ніякіх шкодных рэчываў. Але мы ў кожным разе сабралі для аналізу рэшткі сыравіны, каб даведацца, ці не ўтрымлівае яна шкодных рэчываў".
Аналізы на наяўнасць шкодных рэчываў будуць праводзіцца ў Мінску. Аказалася, што барысаўская лабараторыя не акрэдытаваная на гэты тып аналізаў. Гарадская лабараторыя, дзе ёсць профільная дрэваапрацоўчая вытворчасць, не можа рабіць аналізы па выяўленні шкодных рэчываў у драўніне.