Шумчанка: Пасля слоў Лукашэнкі мяне на нараду не запрасілі
У панядзелак прайшла сустрэча прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча з прадпрымальнікамі.
Пасля нядаўняй нарады Аляксандр Лукашэнка даручыў ўраду ў цесным кантакце з прадпрымальнікамі дапрацаваць праект указа "Аб некаторых пытаннях рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі". Прадстаўнікоў грамадскага аб'яднання "Перспектыва" на нараду не запрасілі. Кіраўнік аб'яднання Анатоль Шумчанка кажа, што прычына — ў нядаўнім крытычным выказванні Лукашэнкі.
Кіраўнік Беларусі падчас нарады па пытаннях прадпрымальніцтва на мінулым тыдні сказаў: "Ганіце ад сябе усялякіх там Шумчанкаў, ці то яшчэ кагосьці, каб яны нават блізка каля вас не хадзілі".
Вось што кажа Анатоль Шумчанка ў каментары Еўрарадыё:
"Пасля паведамлення Лукашэнкі пра мяне, рэзка спынілі клікаць. І на нараду нашых прадстаўнікоў не паклікалі. Але нас і раней не клікалі... Мы да гэтага спакойна ставімся, за дзесяць гадоў да гэтага прызвычаіліся. Мы ў любым выпадку дамагліся ўжо выніку. Нашыя праблемы паднялі на вельмі высокі ўзровень, сталі абмяркоўваць. Паглядзіце, ужо сустрэча з прэм'ерам. Гэта вынік нашай працы".
Шумчанка з аптымізмам глядзіць на падрыхтоўку ўказа кіраўніка дзяржавы. Асабліва гэта датычыць суправаджальных дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё тавараў. Паводле слоў Анатоля Шумчанкі, у апошнім праекце ўказу "выхад знойдзены", але трэба дачакацца, калі дакумент будзе падпісаны.
Фота — Белсат