Шумчанка пра канфлікт у Гродне: Прадпрымальнікі баяцца любых правяраючых
3 лютага на гродзенскім Паўднёвым рынку адбыўся стыхійны пратэст прадпрымальнікаў.
У аўторак раніцай на Паўднёвым рынку Гродна адбыўся канфлікт падаткавікоў і прадпрымальнікаў. Апошніх абурыла раптоўная падатковая праверка. Канфлікт узнік, калі падаткавікі пачалі правяраць прадпрымальніка, які гандлюе джынсамі. Былі знойдзены парушэнні, пачалася канфіскацыя тавару. Там сабраліся сотні прадпрымальнікаў і пачалі гучна абурацца. Тым не менш, прысутныя праваахоўнікі затрымалі прадпрымальніка.
Кіраўнік рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка пракаментаваў Еўрарадыё сённяшнія падзеі ў Гродне:
“Закончылася тым, што пайшлі разбірацца. Вельмі прасілі не агалошваць гэтыя падзеі. Людзі запалоханыя, ніхто адкрыта не хоча гаварыць. Ці было там парушэнне, ці не — невядома. Але сёння да любога прадпрымальніка можна прыйсці, знайсці парушэнні і разарыць яго. Справа ў тым, што людзі баяцца любога правяраючага, які прыходзіць на рынак. Законы дазваляюць "распрануць" любога прадпрымальніка ў адзін момант. Гэта самае страшнае. Лукашэнка заклікаў да таго, каб перастаць бадацца і жыць мірна. Чыноўнікам трэба пачуць людзей і спытацца, як ім лепш працаваць. Дзяржава мае патрэбу ў грашах і мы даем ім гэтыя грошы. А потым нас распранаюць!”
Еўрарадыё знайшло таксама актывіста з Гродна, які працуе на Паўднёвым кірмашы і стаў відавочцам канфлікту. Паводле яго слоў, згаданы прадпрымальнік быццам бы працуе па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, а большасць плаціць адзіны падатак. "Ведаю, што ён хадзіў у адміністрацыю пасля інцыдэнта. Чуў, што быццам бы гэты чалавек прасіў не абурацца людзей. Але дзе ён цяпер, я не ведаю... Сітуацыя зараз нервовая”, — распавёў гродзенец.
Фота: 015.by