Шуневіч: Ідэя з ролікам аб прабачэнні статуі гарадавога — мая
Ідэя роліка, у якім непаўналетні падлетак просіць прабачэння ў статуі гарадавога за аплявуху, належыць непасрэдна міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў у кулуарах Палаты прадстаўнікоў 6 снежня.
"Любы вандалізм — гэта недапушчальна ў культурным грамадстве. Таму лічу, што ўсялякая праява непавагі да грамадскага парадку... А скульптурная кампазіцыя і ўсё, што адбываецца вакол яе, ахоўваецца законам, і парушэнне гэтага закона — гэта парушэнне грамадскага парадку", — патлумачыў Шуневіч пільную ўвагу міліцыі да скульптуры, размешчанай насупраць МУС.
Міністр падкрэсліў, што і надалей міліцыя будзе працягваць да адказнасці за дзеянні каля статуі гарадавога: "Усё, што з'яўляецца недапушчальным і парушэннем грамадскай маралі, будзе спыняцца".
Журналісты запыталіся, ці быў хуліганствам вянок з надпісам "Іміджу МУС", які актывісты прынеслі да статуі. "А калі б вам прынеслі да дзвярэй і паставілі вянок, які носяць на могілкі, вы б лічылі гэта нормай?" — адказаў пытаннем на пытанне Шуневіч.
Таксама ён абверг звесткі, што Георгій Яўчар быў звольнены з пасады прэс-сакратара за відэаролік з прабачэннем ліцэіста перад скульптурай: "Ну што вы! Чарговае глупства, выдумка, нейкую хімеру запусцілі. Ён сышоў па выслузе гадоў".
На пытанне, чыя была ідэя з ролікам, Шуневіч адказаў: "Мая". Журналісты спыталіся, ці прынеслі прабачэнне сям'і непаўналетняга, якога знялі на відэа. "Перад якой сям'ёй?" — шчыра здзівіўся міністр. "Хлопец прыняў адэкватнае рашэнне. /.../ Ён паводле закона не нёс адказнасці, ён нёс маральную адказнасць. Закон да яго не ўжываўся", — заявіў кіраўнік МУС.
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 06.12