Генпракуратура крытыкавала працу Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў

Ігар Шуневіч

Ігар Шуневіч / БЕЛТА

Генпракуратура ў закрытым лісце крытыкавала працу Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Дакумент быў падрыхтаваны яшчэ ў мінулым годзе па выніках праверкі таго, як ахоўваюць жывёл у паляўнічых угоддзях. Яго адправілі ва ўрад, піша "Зеркало".

Выданне атрымала гэты дакумент, дзякуючы дапамозе BELPOL. У ім Генпракуратура сцвярджае, што арганізацыя недастаткова займалася аховай паляўнічых жывёл (грошы на гэтыя мэты "часцяком не выдзяляюцца"), супрацоўнікі да выканання сваіх абавязкаў падыходзяць нядбала або зусім бяздзейнічаюць (напрыклад, пракуратура лічыць, што рэйды супраць браканьераў праводзяцца "не надта актыўна", а "палявыя мерапрыемствы па выяўленні і спыненні парушэнняў... з'яўляюцца неэфектыўнымі"), а кіраўніцтва неаднаразова парушала ўстаноўленыя законам правілы. Як вядома, з 2021 года ўзначальвае таварыства былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

У 2021-2022 гадах таварыства і лясгасы правялі больш за 10 тысяч "палявых мерапрыемстваў". Вынікам рэйдаў лясгасаў стаў 41 адміністрацыйны працэс, у БТПР "такая практыка адсутнічае". Пры гэтым Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, якая мае значна меншы штат, выявіла больш за 800 парушэнняў на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў.

Генпракуратура даручыла Мінлясгасу, Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў, абласным выканкамам "ліквідаваць парушэнні і прыняць меры для павышэння эфектыўнасці аховы жывёл".

У цяперашні час у Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў налічваецца каля 60 тысяч чалавек. Іх выкарыстоўваюць у тэрабароне і "народным апалчэнні", перавучваюць у снайпераў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі