Шуневіч расказаў, што звольніў палкоўніка з Віцебска, які ехаў п'яны на машыне

Шуневіч расказаў, што звольніў палкоўніка з Віцебска, які ехаў п'яны на машыне

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч 12 траўня распавёў журналістам у Палаце прадстаўнікоў, што падпісаў заключэнне аб звальненні начальніка Першамайскага РАУС Віцебска палкоўніка Сяргея Сарокіна з міліцыі.

Шуневіч: "Мы чакалі адпаведнага рашэння суда, праводзілі комплексную праверку для таго, каб не зрабіць памылку... Гэта старшы афіцэр, гэта кіраўнік. Але незалежна ад званняў і пагон такія рашэнні будзем прымаць заўсёды, калі супрацоўнік здзейсніў правапарушэнне ці злачынства. Мы хочам, каб усе былі роўныя перад законам, у тым ліку і нашыя падначаленыя".  

Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 20 лютага. На Маскоўскім праспекце ў Віцебску мясцовы жыхар і яго дзяўчына, якія ехалі на аўтамабілі Toyota, спынілі легкавік Hyundai Sonata, якім кіраваў п'яны начальнік РАУС. Яны забралі ключы ад аўтамабіля і выклікалі ДАІ. Палкоўнік Сарокін ехаў разам са сваёй маці. Даішнікам яны заявілі, што менавіта маці-пенсіянерка кіравала машынай. Больш таго, Сарокіны сцвярджалі, што малады чалавек, які спыніў аўтамабіль і забраў ключы, нібыта, вымагаў грошы. У красавіку суд Чыгуначнага раёна Віцебска прызнаў маці палкоўніка вінаватай у дачы ілжывых паказанняў, яе аштрафавалі. Нядаўна Сарокіна на 5 гадоў пазбавілі пасведчання кіроўцы, яго аштрафавалі больш чым на 24 мільёны рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі